У Лебедзеве ноччу 22 сакавіка на пажары ў сваёй кватэры загінула 73-гадовая пенсіянерка. Папярэдняя прычына пажару – неасцярожнае курэнне бабулі.
На пульт выратавальнікаў паведамленне пра ўзгаранне паступіла ў 15 хвілін на першую гадзіну ночы, расказаў “РГ” старшы інжынер гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Кругленя.

Пажар здарыўся ў кватэры №1 дома №18 па вуліцы Крынічнай вёскі Лебедзева. На момант прыбыцця выратавальнікаў гарэў пакой у кватэры, агонь перакінуўся на гарышча. Калі з пажарам справіліся, знайшлі цела гаспадыні.

Ад пачатку года гэта ўжо адзінаццаты выпадак смерці на пажарах ў Маладзечне і раёне. Столькі ж было за ўвесь мінулы год.

Сяргей ЗЯНЬКО.