Фінальныя гульні малодшых узроставых груп пачаліся 15 сакавіка ў Салігорску. Прадстаўнікі камандаў старэйшых узроставых груп сустрэнуцца 22-26 сакавіка ў Бабруйску.

Па словах дырэктара фізкультурна-спартыўнага аб’яднання па месцы жыхарства Вадзіма Лебядзевіча, такога поспеху юныя астравецкія хакеісты не дабіваліся ніколі. А дапамагла ім у гэтым марозная снежная зіма. Хакей – любімы занятак хлопчыкаў усіх часоў і народаў, а на Астравеччыне ў гэтым годзе залілі тры каткі, на якіх школьнікі праводзілі час ў не па-зімоваму гарачых баталіях і паспяхова трэніраваліся. Не шкадаваў часу і сіл, каб дапамагчы дзецям, трэнер-інструктар-метадыст Астравецкага фізкультурна-спартыўнага клуба Яўген Яфімаў, які ўмее знаходзіць агульную мову з дзецьмі, а тыя прымаюць яго аўтарытэтнае меркаванне.

Цяпер Астравец у напружаным чаканні – чаканні вяртання сваіх спартсменаў, і абавязкова з перамогай. Фінал “Залатой шайбы” – гэта не толькі магчымасць стаць чэмпіёнамі свету. Для ўдзельнікаў рэспубліканскага турніру – гэта шанс паказаць сябе: бо ў час турніру праходзіць адбор кандыдатаў для залічэння ў спецыялізаваныя спартыўныя класы і аддзяленні па хакеі з шайбай.

Наталля ШАФАРЭВІЧ.