Нават у зімовы заснежаны час сцяжынка да святой крыніцы ля вёскі Дубок вытаптаная паломнікамі, якія чакаюць выздараўлення.

Да святой вады людзі ідуць у любы час.

Не толькі мясцовыя, але і прыезджыя чулі аб цудадзейнай сіле святой крыніцы. І дарогу да яе ведаюць, хаця сама яна надзейна схаваная на беразе Віліі далёка ад трасы. З гэтым месцам у людзей звязана шмат легендаў.

Расказваюць, што крыніца вядомая сваёй лячэбнай вадой яшчэ з сярэдневякоўя. Быццам бы тады ў пячоры на беразе Віліі жыў самотнік-манах, які лячыў людзей ад розных хвароб. Праз нейкі час ён памёр, але людзі ўсё адно прыязджалі да пячоры і так шчыра аплаквалі яго смерць, што на гэтым месцы пачала біць святая крынічка з гаючай вадой.

А ў пачатку мінулага стагоддзя адзін багаты вяльможа ў знак удзячнасці за выздараўленне дачкі зрабіў над крынічкай каменную шасціметровую каплічку з жалезным крыжам наверсе і статуяй Божай Маці ў верхняй нішы. У ніжняй – з-пад камення струменіць свае воды тая самая крыніца, якую цяпер прывычна называюць “Ля Багіні”.

Аб старажытным паходжанні крыніцы сведчыць і той факт, што яе ўспамінае ў сваёй брашуры “Памятка з Жодзішак ваяводства Віленскага” ксёндз Жодзішкаўскай парафіі Рамуальд Дроніч. Ён адзначае, што побач з крыніцай было вельмі шмат курганоў. Адзін раз у год, у першую нядзелю ліпеня, каля гэтай крыніцы становіцца шматлюдна. Урачыстая працэсія вернікаў ад Жодзішкаўскага касцёла накіроўваецца да капліцы, і тут, ля яе падножжа, праходзіць урачыстае богаслужэнне.

Наталля ШАФАРЭВІЧ.

Фота Ігара МАРОЗА.