Вада падыйшла да дарогі Мінск-Нарач у Красным.

Васькаўскае вадасховішча.

Вуліца Набярэжная.

Застерагальныя мяхі з пяском.

Раёўка.

“Уваходзім” у дом.

Намеснік начальніка Маладзечанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Гладкі расказаў у інтэрв’ю “РГ”, што ў Раёўцы Красненскага сельсавета было падтоплена 15 дамоў. Вёска Навасёлкі Алёхнавіцкага сельсавета аказалася часткова адрэзаная вадой ад навакольных вёсак. Асноўная дарога была затопленая, у Навасёлкі можна было трапіць толькі праз Дубрава.

Лакальныя падтапленні былі ў Радашкавічах. Праблему для жыхароў пяці дамоў тут стварыла рэчка Удранка, якая разлілася. Выратавальнікі ў мястэчку з мяшкоў з пяском рабілі загараджальную дамбу ад вады.

У Красным падняўся ўзровень у мясцовым возеры. Каб не пусціць ваду на аўтадарогу рэспубліканскага значэння Мінск-Нарач, у ноч на панядзелак выратавальнікам таксама давялося ўжыць мяшкі з пяском.

У горадзе падтопленым аказаўся цэлы раён. Уша, якая выйшла з берагоў, затапіла вуліцы Набярэжную, Праектуемую, Гусоўскага і другі завулак Максіма Горкага. Вада з Ушы пайшла на палі, падворкі і ў падвалы жылых дамоў, і нешта адпампоўваць тут было бессэнсоўна, сказаў Сяргей Гладкі.

Былі праблемы на Васькаўскім вадасховішчы. Часткова была размытая дамба, скід вады пайшоў у раку Беразіну. Праблемы стварыла хуткае раставанне снегу. Ад пяці гадзін раніцы панядзелка тут працавала тэхніка Маладзечанскіх электрасетак.

Як і планавалася, у горадзе і раёне на ліквідацыі падтапленняў задзейнічаныя максімальныя сілы. Акрамя выратавальнікаў, працуюць раённая жыллёва-камунальная гаспадарка, “Камунальнік”, водаканал, электрасеткі, ДРБУ-49, ДРБУ-195, “Спецбудмеханізацыя”.

Не было затопленае пакуль, як прагназавалася, садовае таварыства “Будаўнік-81”, што на мяжы Маладзечанскага і Вілейскага раёнаў. Вілія ў тым месцы пакуль не разлівалася. Але гарантыі, што таварыства не затопіць, ніхто даць не можа. Па словах Сяргея Гладкага, там таксама зрабілі загараджальную дамбу, якая можа дапамагчы хаця б часткова.

На канец панядзелка вада спала ў Красным і Раёўцы. Амаль няма на палях снегу каля Васькаўскага вадасховішча. А вось каля Дубрава снег застаецца, і пры плюсавой тэмпературы ён, канешне ж, будзе раставаць, таму падтапленні там яшчэ магчымыя, кажа Сяргей Гладкі.

У суботу, нядзелю і панядзелак тэлефон выратавальнікаў не змаўкаў. Сяргей Гладкі кажа, што званілі амаль з усіх раёнаў горада, больш – з Лясных. Канешне, выязджалі і на раён. Галоўны спецыяліст па дзяржаўнай сістэме папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацыях Андрэй Будо абураўся ў інтэрв’ю нашаму выданню: “Абавязкова напішыце: для таго, каб вырашыць праблему падтаплення ўласнага падворка, падчас дастаткова пракапаць пару метраў канаўкі для сцёку вады. Замест гэтага людзі адразу тэлефануюць нам, каб мы прыехалі і ратавалі іх. Прыязджаем, падыходзіць здаровы мужык, ад якога пахне гарэлкай, і кажа: я плачу падаткі, таму вы абавязаны прыехаць. Куды такое гадзіцца?”

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота забяспечана Маладзечанскім ГРАНС.

Паводка-2010 на Вілейшчыне.

 

Разліў р. Уша ля маста на шашы Маладзечна-Вілейка паблізу Сасновага Бору. Вечар панядзелка 22.03.2010