У межах трансгранічнага супрацоўніцтва Астравецкі лясгас наведала дэлегацыя польскіх лесаводаў, якіх зацікавіў вопыт работы па выкарыстанні лясных багаццяў і перапрацоўкі драўніны.
У Астраўцы лесаводаў з Беластока і Альштынскага ваяводства асабліва зацікавіла арганізацыя палявання – абсталяванне паляўнічага доміка, дзе створаныя ўсе ўмовы для адпачынку.

З цікавасцю агледзелі яны таксама вальеры, дзе астравецкія лесаводы вырошчваюць аленяў і ланяў. Гэтых жывёл тут сталі разводзіць тры гады назад. За гэты час яны прыжыліся, адчулі сябе вольна і далі патомства. Цяпер лясгас мае магчымасць прадаваць ланяў, а нядаўна два дзесяткі гэтых грацыёзных жывёл выпусцілі з вальера ў лес.

Польскіх гасцей зацікавіла таксама прадукцыя дрэваапрацоўчага цэха, нядаўна абсталяваная новай тэхналагічнай лініяй.

Наталля ШАФАРЭВІЧ.