Гэту дату грамадскасць адсвяткавала ў лютым, але ў Астравецкім раёне ўвесь гэты год па рашэнні райвыканкама аб’яўлены годам памяці земляка.

Самым вялікім багаццем музея стане дом у вёсцы Барані – менавіта той, у якім нарадзіўся і правёў дзяцінства Канстанцін Стаповіч – гэта сапраўдныя імя і прозвішча пісьменніка. Дом доўгі час знаходзіўся ў прыватнай уласнасці, але ўжо падрыхтаваныя неабходныя дакументы, і ў маі адкрыты ў ім музей прыме першых наведнікаў. Ён стане адным з аб’ектаў турыстычнага маршруту па жывапісных і багатых на гістарычныя падзеі месцах Астравеччыны.

Аснову экспазіцыі складуць сабраныя бібліятэкаркай Спондаўскай бібліятэкі Іалантай Равойць матэрыялы: кнігі, здымкі, успаміны мясцовых жыхароў і самога святара, дакументальныя матэрыялы і нават рэчы, якія належалі сям’і Стаповічаў.

У экспазіцыі будзе прадстаўленая і кніга Іаланты Францаўны “Усе яго дарогі вялі да алтара”, выдадзеная аддзелам маркетынгу Астравецкай раённай бібліятэкі. У яе ўвайшлі публікацыі, прысвечаныя Канстанціну Стаповічу і яго брату Альбіну, якія друкаваліся ў беларускай прэсе ў апошнія 5 гадоў – менавіта ў гэты час шырокай грамадскасці стала вядома імя незаслужана забытага беларускага пісьменніка. Для ілюстрацыі кнігі аўтар сабрала вялікую колькасць фотаздымкаў братоў Стаповічаў.

Народны тэатр раённага Дома культуры рыхтуе да пастаноўкі п’есу Казіміра Сваяка “Янка Канцавы”. Яе прэм’ера намечаная на дзень адкрыцця музея.

Наталля ШАФАРЭВІЧ.

Фото http://www.kamaish.na.by.