А што там за шклом?

У аўторак у аддзяленні “Белаграпрамбанка” ў Ашмянах для гэтай шчаслівай пары кіраўніцтва банка і раёна наладзілі урачыстасць, дзе і ўганаравалі бацькоў маленькіх Вадзіма, Кірылы, Карыны і Ірынкі. Цёплыя словы сказалі старшыня праўлення ААТ “Белаграпрамбанка” Сяргей Румас, старшыня Ашмянскага райвыканкама Юры Адамчык, іншыя госці.

 

Ключы ад пяціпакаёвай кватэры ўручыў сям’і Лукашэвічаў старшыня Ашмянскага райвыканкама Юры Адамчык.

 

Вясеннія сюрпрызы ад прыроды — не перашкода для шчаслівых бацькоў і навасёлаў, а таксама журналісцкай братыі.

 

Першае інтэрв’ю ў новых сценах.

 

— А тут будзе пакой для дзяўчат, — кажа Марына.

Па першапачатковым праекце ў гэтым доме не было пяціпакаёвак. Аднак жыццё ўнесла карэктывы. Праектанты прапанавалі злучыць трох- і аднапакаёўкі ў адну кватэру. Адна з кухняў у новым варыянце стала пакоем. Навасёлы атрымалі жытло з пяці пакояў, кухні і двух санвузлоў.

– Як дапамагчы гэтай сям’і вырашыць жыллёвае пытанне, мы завялі размову на рабочай нарадзе райвыканкама адразу ж, як толькі даведаліся аб нараджэнні дзяцей, – сказаў, уручаючы ключы ад пяціпакаёвай кватэры ў новабудоўлі, старшыня Ашмянскага райвыканкама Юры Адамчык. – Варыянты прапаноўвалі розныя – будаўніцтва дома з выдзяленнем ільготнага крэдыту, выдзяленне сацыяльнага жылля, будаўніцтва кватэры з выкарыстаннем ільготнага крэдыту. Прычым, як і любой сям’і, дзе выхоўваюцца чацвёра дзяцей, 70 працэнтаў кошту пагашае дзяржава. Рашэнне прымалі Уладзімір і Марына. Яны і выбралі апошні варыянт – вырашылі мець уласную кватэру, уклаўшы і свае грошы ў яе будаўніцтва. Каб наваселле адбылося хутчэй, дапамог райвыканкам – квадратныя метры знайшлі ва ўжо гатовым доме сацыяльнага прызначэння. Мы ўдзячныя інстытуту “Гроднаграмадзянпраект” – літаральна за тыдзень яны падрыхтавалі праект пераабсталявання аднапакаёвай і трохпакаёвай кватэр у адну – пяціпакаёвую.

Старшыня праўлення ААТ “Белаграпрамбанк” Сяргей Румас прыехаў у Ашмяны спецыяльна, каб уручыць падарунак Марыне Лукашэвіч, работніцы аддзялення банка ў Ашмянах. Падарунак стаяў ля ўвахода ў будынак, прыцягваючы ўвагу прахожых, – новенькі, бліскучы васьмімесны аўтамабіль “Фольксваген-Каравэла”, упакаваны ў карпаратыўным стылі ААТ “Белаграпрамбанк”. Уручаючы галаве сямейства Уладзіміру Лукашэвічу ключы ад аўтамабіля, Сяргей Румас агучыў новае рашэнне: цяпер ААТ “Белаграпрамбанк” будзе дарыць мікрааўтобусы кожнай беларускай сям’і, у якой народзіцца чацвёра і больш блізнят.

Марына і Сяргей, якія так яшчэ і не прывыклі да павышанай увагі, ад такога падарунка нават разгубіліся.

– Ці ведалі загадзя, што паедзеце дадому на ўласным мікрааўтобусе? – пытаюся ў расчуленай Марыны.

– Афіцыйна нас ніхто не папярэджваў, каб быў сюрпрыз. Але па чутках ужо ведалі, што такі падарунак магчымы. Канешне, не чакалі, што гэта будзе такі шыкоўны аўтамабіль.

– Значыць, планавалі, якім будзе ваша першае падарожжа?

– Канешне! – у адзін голас кажуць абое. – Паедзем глядзець кватэру.

Падарожжа ў новую кватэру адбылося ў суправаджэнні цэлага картэжа журналісцкіх аўтамабіляў. Падарункавую ўпакоўку са свайго аўтамабіля Лукашэвічы цалкам здымаць не сталі – хацелі, каб іх радасць заўважылі землякі.

Новая кватэра займае другі паверх дома-новабудоўлі. Сто дваццаць квадратных метраў, пяць пакояў, два санвузлы. Ёсць месца для падарункаў, якіх у гэты дзень было многа.

Перасяліцца ў новую кватэру Уладзімір і Марына плануюць да лета. Да гэтага часу гаспадар збіраецца падрыхтаваць усё да прыезду сваіх першынцаў, расставіць мэблю. Выказваючы словы ўдзячнасці за падарункі, Лукашэвічы паабяцалі: калі абжывуцца, абавязкова запросяць на наваселле. Абавязаліся выканаць і галоўнае: зрабіць усё, каб маленькія грамадзяне вялікай сям’і раслі здаровымі і шчаслівымі.

У Беларусі нараджэнне чацвярых немаўлят адначасова – унікальны выпадак. Аналагічная падзея, калі на свет з’явілася адразу чацвёра дзетак, была 5 гадоў таму.

Наталля ВАЛЫНЕЦ.

Фота Аляксандра МАНЦЭВІЧА.

Аддзел інфармацыі.

Папярэднія артыкулы на гэту тэму:

Пакуль тата на працы

Сям’я Лукашэвічаў у зборы

Чацвёра ў калысцы