Здарэнне адбылося ў 8 гадзін 40 хвілін. Людзі не пацярпелі. “Мерсэдэс” рухаўся з Мінска ў бок Маладзечна. У Красным ад таго, што разлілося мясцовае возера, вада, нягледзячы на намаганні выратавальнікаў, дайшла да дарогі Мінск-Нарач. Па словах інспектара дарожна-паставой службы Дзмітрыя Стасюлевіча, у мястэчку на гэтым участку дарогі ад пятніцы да нядзелі бетонны плот ля жылога дома таранілі чатыры машыны. Адна з іх, мінскі “Мерсэдэс”, не спынілася, урэзаўшыся у плот, а “дастала” да самага дома.

“Супрацоўнікі гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях нават дамбу рабілі з мяшкоў з пяском, каб вада з возера не дасягнула аўтатрасы Мінск – Нарач, – кажа Дзмітры Стасюлевіч. – Але калі з-за мяшкоў вада не цякла на дарогу, то яна цякла ў агароды мясцовых жыхароў. Натуральна, гэта людзям не падабалася і яны прымалі тыя мяшкі, пускаючы ваду на трасу”.

У Красным стаяць знакі абмежавання хуткасці – не больш за 60 кіламетраў у гадзіну. Калі захоўваць правілы дарожнага руху, нічога не здарыцца. А вадзіцелі, якія парушалі хуткасны рэжым і не ўлічвалі складаныя ўмовы надвор’я, траплялі на дарозе ў ручай. Машына станавілася некіруемай, яна перасякала паласу сустрэчнага руху, і яе выносіла ў кювет, прама ў агароджу жылога дома. Менавіта так здарылася з “Мерсэдэсам”.

Па словах інспектара, гаспадар пастаянна ў доме не жыве. У час здарэнняў яго не было на месцы. Бетонны плот па ўсім мястэчку ставіў сельсавет. Кампенсаваць пашкоджанні цяпер будзе страхавая кампанія. А гаспадар “Мерсэдэса”, каб адвезці сваю машыну ў Мінск, вымушаны быў выклікаць эвакуатар.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Дзмітрыя СТАСЮЛЕВІЧА.