Акрамя гаспадароў у спаборніцтвах прынялі ўдзел юныя спартсмены з Уздзенскага і Слуцкага раёнаў. Па нейкіх прычынах не даехалі лёгкаатлеты з Барысава, дзе таксама культывуецца мнагабор’е.

Метадыст нашай спартшколы Таццяна Найдзіч паведаміла “РГ”, што ўдзельнікі першынства спрачаліся асобна ва ўзроставых катэгорыях 1997-1998 гадоў нараджэння, 1996 і 1995 гадоў нараджэння.

У катэгорыі 1997-1998 было тры віды спаборніцтваў: бег на 60 метраў, скачок удаўжыню і штурханне ядра. Першае месца тут заняў наш Дзмітры Носач, якога трэніруе Юлія Мушавец і Георг Шэлег. Дзмітры набраў 1224 ачкі.

Другім у гэтай жа катэгорыі з 952 ачкамі стаў маладзечанец Ілля Холад (трэнер Ігар Фартунаў). У спаборніцтвах дзяўчынак у нас толькі адно прызавое месца. Трэцяе. Заняла яго Аліна Пупкевіч, якая набрала 1153 ачкі. Трэніруе Аліну трэнер Алена Жыжла.

Старэйшыя спартсмены спаборнічалі ў шасці відах: бег на 60 метраў, бег на 60 метраў з бар’ерамі, скачкі ўдаўжыню, скачкі ўвышыню, штурханне ядра, бег на 1000 метраў у хлопцаў і на 800 – у дзяўчат. У гэтых узроставых катэгорыях нашы былі менш паспяховыя.

Ва ўзросце 1995 года нараджэння першае месца з 3363 ачкамі заняў маладзечанец Іван Бялеўскі, а трэцім, набраўшы 2455 ачкоў, стаў Яўген Махнач. Абодвух трэніруе Уладзімір Кавалец. Дзяўчаты ў гэтым узросце прызавых месцаў не займалі.

Сярод спартсменаў 1996 года нараджэння маладзечанскія мнагаборцы не вызначыліся ўвогуле – ні хлопцы, ні дзяўчаты.

Сяргей ЗЯНЬКО.