Дом Чэрскіх у дзень паводкі.

 

Гэта не рэчышча. Гэта — вуліца Францішканская.

 

Чэрскія ля свайго дома пасля стыхіі.

 

Тое, што не паспелі эвакуяваць.

 

Ашмянка паказала нораў

Мінулыя выхадныя прынеслі ў Ашмяны не толькі сонечнае цяпло, але і вялікую ваду, а для некаторых гараджан і вялікую бяду.

Лічы, усё нажытае дабро аказалася ці то знішчаным, ці то пашкоджаным вадой, – расказвае капітан міліцыі Аляксандр Чэрскі. Яго хата найбольш пацярпела ад паводкі.

Чатыры гады таму, калі Чэрскія купілі гэтую хату на вуліцы Францішканскай, на самым беразе Ашмянкі, былі вельмі задаволеныя выбарам і лічылі, што ім пашанцавала: нешырокая і ўвогуле спакойная рака лагодна пляскалася ля ног, а двор сыходзіў да самага берага. Увесь час, што маладыя гаспадары даводзілі будыніну да ладу, перараблялі на свой густ і да патрэб сваёй сям’і, Ашмянка нічога не прадказвала. Нядаўна яны закончылі рамонт, а крэдыт за хату выплачваюць да гэтага часу.

А тут раптам Ашмянка прынесла такі неспадзяваны сюрпрыз. Вада пачала прыбываць у суботу бліжэй да вечара – імкліва, па назіраннях Аляксандра Чэрскага, па 30 сантыметраў за гадзіну. Таму вечарам Аляксандр выклікаў выратавальнікаў – пачалі выносіць мэблю, ратаваць хатні скарб. Начаваць дома не засталіся, папрасіліся да суседзяў Башкатавых – іх хата праз вуліцу ад Чэрскіх. А раніцай Валянціна і Аляксандр Чэрскія жахнуліся – іх дом стаяў па вокны ў вадзе, і падысці да яго па сушы не было ніякай магчымасці. А вада, імкліва перасягнуўшы Францішканскую, залівала агарод Башкатавых. Да хаты, па шчасцю, не дайшла – суседскае жытло стаіць на пагорку.

У нядзелю ўзровень вады ў рацэ працягваў прыбываць, рака разлілася на вуліцы Францішканскую і Голяса – яны ідуць па абодвух баках Ашмянкі. Водны паток вокамгненна перасягнуў праезную частку, разліўся па агародах, падступіў да карпусоў дрожджавага завода. Вада паднялася да самага моста па вуліцы Барунскай, а пешаходны мосцік цераз раку паміж Францішканскай і Голяса імклівыя патокі разламалі.

У той дзень выратавальнікі дапамагалі выносіць хатні скарб яшчэ тром ашмянскім сем’ям. А дванаццаць дамоў на Францішканскай засталіся без сувязі з “вялікім светам” – разліў рачной вады на вуліцы не дазваляў рухацца ні пешаходам, ні аўтамабілям.

– Мы нават у магазін схадзіць не маглі, не маглі вырвацца з воднага палону, – успамінае Аляксандр Чэрскі.

Яго сям’я пакуль ва ўласны дом так і не вярнулася – вада хоць і адступіла, але нарабіла шмат шкоды. Падобна, што вярнуцца сюды ім давядзецца не так хутка. Сцены яшчэ не высахлі, пашкоджаная мэбля, затоплены склеп. Таму сям’я цяпер часова здымае жыллё на вуліцы Чкалава. Кіраўніцтва раённага аддзела ўнутраных спраў дало капітану міліцыі водпуск, каб навесці дома парадак. Яго жонку Валянціну, медсястру рэгістратуры ў паліклініцы, ад працы вызвалілі на два дні. У аўторак пайшлі на заняткі дзеці: старэйшая, Каця, у мясцовы аграрна-эканамічны каледж, а дзевяцікласнік Жэня – у першую школу.

– У панядзелак выправіць іх на заняткі не змагла – нават адзенне намоклае, пашкоджанае, – нагадвае Валянціна.

Аддзяленне “Белдзяржстраху” пакуль не вызначылася з памерам кампенсацыі сем’ям, чые дамы пацярпелі ад стыхіі.

Па словах мясцовых жыхароў, на іх памяці гэта першы раз, калі Ашмянка выкінула такі фокус і зайшла ў дамы. Такой паводкі яны не памятаюць гадоў мо, з 20.

У мінулыя выхадныя на Ашмяншчыне рэзкае павышэнне ўзроўню вады адзначалася на вадаёмах у квартале Будаўнікоў і на возеры ля вёскі Лейлубка.

Наталля ШАФАРЭВІЧ.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ, Аляксандра Манцэвіча.

Чытайце таксама:

Пік падтапленняў – у ноч на панядзелак

Паводка прыйшла

“Мерсэдэс” тараніць дом у Красным