Рэп. Моладзевая субкультура, якая ў адрозненне ад Маладзечна не вельмі значнымі тэмпамі, але развіваецца ў Вілейцы. І сёння наша гутарка – мабыць, з адзіным на дадзены момант вілейскім рэп-музыкантам Кірылам Буркевічам.

Музыкант ужо добра вядомы як маладзечанскай, так і мінскай публіцы пад творчым псеўданімам MC Bura.

– Кірыл, як ты стаў займацца рэп-музыкай? З чаго ўсё пачыналася?

– Ад другога класа я слухаў розную музыку, пераважна рэп. Так працягвалася да 2009 года. І вось ужо амаль год я займаюся рэпам сам. Пачалося ўсё з дня нараджэння майго сябра-рэпера, калі той прапанаваў заняцца рэпам. Стварылася група “R2B”. Я адразу пачаў усё рабіць сам: пачаў пісаць тэксты, шукаць “мінусы” (микстэйпы), каб запісвацца пад іх.

У хуткім часе паказаў сваю творчасць сябрам. Потым мясцовы ды-джэй прапанаваў сваю дапамогу. Мы пачалі запісвацца ў чацвертай школе. Я выклаў запісы ў Інтэрнэт. Гурта, на жаль, не атрымалася, бо хлопец, з якім мы пачыналі, адчуў, што не падыходзіць па вакальных і іншых дадзеных.

Сябры сталі патрабаваць канцэртаў. Першае выступленне, якое арганізаваў той жа ды-джэй, які дапамагаў рабіць запісы, адбылося ў кінатэатры “Мір” і ўсіх уразіла. А пасля мяне запрасіў мінскі арганізатар Андрэй Паноў выступіць на другой вечарыне “Big rap motion”. Пасля гэтага былі запісы некалькі новых трэкаў на хатняй студыі “Mimsound” у Сашы “Копа” ў Маладзечне. Потым зноў запрасілі выступіць у Вілейцы і Мінску. Пачаў за сваю працу атрымліваць грошы.

– Як ты лічыш, наколькі важны для музыканта першы канцэрт і якую ролю ў тваім жыцці ён сыграў?

– Першае выступленне мне дало значны штуршок у творчасці. Была добрая падтрымка не толькі ад сяброў, але і ад незнаёмых мне людзей. Я лічу, што каб першы канцэрт дрэнна прайшоў, у мяне прачнулася б творчая злосць, і я пачаў бы рабіць усё, каб хоць у сваім горадзе ацанілі. Але атрымалася наадварот – усё добра прайшло.

– Ты ўжо не адзін раз выступаў у Мінску. Наколькі рэальна маладому творчаму чалавеку развіць сябе, не паказаўшы сваю творчасць у сталіцы?

– Спачатку трэба ў сваім горадзе выступіць і зарэкамендаваць сябе, таму што адразу падаваць заяўкі на мінскія вечарыны – гэта не зусім правільна. Трэба быць падрыхтаваным да такіх мерапрыемстваў. Калі ты зарэкамендуеш сябе ў сталіцы дрэнна, то цябе больш на гэтыя вечарыны не будуць запрашаць. Вельмі важна таксама адразу заслужыць павагу іншых музыкантаў, якія больш прафесійныя.

– А калі такая сітуацыя, як у Маладзечне, дзе публіка падтрымлівае далёка не ўсіх?

– Тады трэба выступаць там, дзе цябе могуць рэальна ацаніць. Таму што для артыста не грошы важныя, а падтрымка публікі. У нас, у рэпе, наступная сітуацыя: цябе зала можа і не падтрымаць, але табе аддадуць рэспект MC. І ты разумееш, што іх меркаванне куды больш прафесійнае. Разам з тым, лічу, што заўсёды знойдзецца месца, дзе цябе сапраўды ацэняць і будуць рады бачыць.

Вазьму ў прыклад гурт “Не па правілах”. Лічу, што гэта лепшы рэп-праект у Маладзечне. І, мабыць, іх падтрымліваюць не ўсе таму, што ў некаторых ёсць адна нядобрая рыса – зайздрасць. Чаму могуць не падтрымаць у Маладзечне мяне? Таму што, маўляў, Вілейка – горад маленькі і там па вызначэнні не можа быць нармальнага рэпу. Але гэта не так.

– Па чым у Мінску ацэньваюць рэпераў з правінцыі: па творчасці, па самааддачы на сцэне альбо ўсё ж такі па статусе горада?

– Мінск у гэтым плане больш развіты, і людзі там больш культурныя – менш глядзяць на горад, статус, а больш глядзяць на твой музычны прадукт. І калі ён якасны, то цябе будуць падтрымліваць. Калі я пачынаў раскручвацца, мне калегі па гэтай справе казалі, што я, па-першае, яшчэ мала займаюся рэпам, а ўжо шмат чаго дасягнуў, а па-другое, зарабляю імя для роднага горада.

– Якую ўвагу ты надаеш тэксту?

– У маіх тэкстах можна пазнаць часцінку мяне. Я пішу пра тое, што мне балюча і што мне добра. Увогуле, пішу пра сябе. Вядома, ёсць трэкі, якія пішуцца пра нешта глабальнае. Але ўсё адно ты пішаш пра людзей, пра тое, што адбываецца навокал, і спрабуеш паказаць пэўную сітуацыю ў кожным трэку.

– Раскажы, што ты жадаеш данесці да людзей з дапамогай сваёй творчасці, сваёй музыкі?

– У маім рэпе ёсць пэўная іскрынка – часцінка мяне. Я паказваю сваё жыццё, маральныя якасці, культуру. Спрабую вырашыць праблемы, памылкі. Спадзяюся, што гэтым магу дапамагчы, нешта падказаць і іншым людзям.

У мяне нават ёсць радок: “Аддаю рэспект тым, хто ўбачыць у гэтых тэкстах часцінку сябе”. Мой рэп даступны, таму і рэальна ўбачыць сябе, зразумець нешта, адчуць.

– Ты гаварыў, што ў хуткім часе плануеш выпуск дэбютнага альбома…

– Так, чакайце мой першы альбом. Я буду прадстаўляць яго ў сваім родным горадзе. Альбом будзе насычаны, а называцца будзе “Эгаіст” па аднайменным трэку.

– Першы альбом – гэта твой пасільны ўклад ў развіццё беларускай рэп-сцэны. Якім ты наогул бачыш яе развіццё?

– У любога рэпера, які робіць якасную музыку, ёсць усе шанцы раскруціцца. Трэба проста рабіць добры, якасны рэп. Беларуская рэп-сцэна развіваецца хуткімі тэмпамі, і будучыня ў яе, несумненна, ёсць. Але сапраўдны беларускі рэп – на беларускай мове – практычна не развіваецца. Прычына, мабыць, у тым, што з беларускай мовай цяжка прабівацца. Так ужо атрымліваецца, што руская мова ў нас выходзіць на першы план.

– Якія ў цябе планы на будучыню?

– Еду вучыцца ў Мінск па спецыяльнасці музычны рэжысёр, што, думаю, дапаможа мне ў развіцці маёй творчасці. Я не ўяўляю сябе ў далейшым зоркай, але збіраюся выступаць у тых жа клубах, толькі часцей. Я раблю рэп не дзеля грошай. Вядома, прыемна атрымліваць грошы за тое, што табе падабаецца рабіць, але куды важней, каб тваю музыку і цябе разумелі.


Фота Філіпа ВАКУЛІНА.