На спаборніцтвах сабраліся каманды пяці раёнаў вобласці – Салігорскага, Барысаўскага, Нясвіжскага, Маладзечанскага і Валожынскага. Дзяўчаты з Валожына замкнулі тройку прызёраў. На першым месцы – барысаўчанкі, на другім – салігорскія дзяўчаты, баскетбалісткі з Нясвіжа чацвертыя, маладзечанскія спартсменкі – апошнія.

Валожынскі трэнер Іван Філістовіч застаўся незадаволеным выступленнем сваіх падапечных. Яго дзяўчаты выйгралі ў Нясвіжа і Маладзечна, 8 ачкоў прайгралі Барысаву і 9 – Салігорску.

“Павінны былі стаць чэмпіёнамі вобласці, а сталі толькі трэцімі, – сказаў у інтэрв’ю “РГ” Іван Філістовіч, – дзяўчаты не траплялі ў кальцо. Увогуле выступілі дрэнна. Але вы самі разумееце: гульня ёсць гульня”.

Нягледзячы на няўдачу, ёсць і прыемная навіна. Па словах трэнера, дзве дзяўчынкі з яго каманды па выніках спаборніцтваў уключаныя ў зборную Мінскай вобласці гэтай узроставай катэгорыі. Гонар Валожыншчыны ў зборнай будуць абараняць Паліна Бітэль і Марына Сівая.

А вось апошняе месца маладзечанак ніколькі не засмуціла іх трэнера Любоў Філіповіч. Нягледзячы на пяць паражэнняў. Падапечныя Любові былі на два гады маладзейшыя за сваіх саперніц. Трэнер прывезла ў Салігорск каманду 2000-2001 года нараджэння.

Натуральна, маладзечанкам цяжка было спрачацца з больш дарослымі саперніцамі. Тым не менш, па словах Любові Філіповіч, дзяўчаты паказалі нядрэнны баскетбол, а адрыў у ліку ва ўсіх гульнях быў невялікі.

“Я вельмі задаволеная, – кажа трэнер, – нават суддзі нас пахвалілі. Сказалі: малайцы. Не давалі расслабіцца сваім саперніцам. Увесь час трымалі іх у напружанні. Калі ўжо цяпер каманда гуляе на роўных з дзяўчатамі, старэйшымі на два гады, можна спадзявацца на перамогі ў будучым у гульнях са сваімі равесніцамі”.

Сяргей ЗЯНЬКО.