Рэзкае павелічэнне нараджальнасці адзначанае на Ашмяншчыне ў 2009 годзе. Раён па гэтым паказчыку стаў першым у вобласці. Знізіўся ўзровень смяротнасці сярод працаздольных людзей.
Ашмянцы сталі жыць даўжэй, а паміраць у сталым узросце. Такую выснову зрабіў галоўны доктар Ашмянскай раённай бальніцы Аляксандр Белянкоў.

У 2009 годзе на Ашмяншчыне на свет з’явілася 446 немаўлят, што на 78 больш, чым у 2008. Паміраць жа людзі сталі больш ад старасці, чым ад хваробаў.

Асаблівай заслугі медыкаў у гэтым Аляксандр Белянкоў не бачыць. Кажа: раён заўсёды адрозніваўся ад іншых тым, што тут больш доўгажыхароў і “ўраджальная” нара­джальнасць. Менавіта Ашмяншчына ў мінулым годзе падарыла першы на Гродзеншчыне дэмаграфічны рэкорд – нарадзіліся два хлопчыкі і дзве дзяўчынкі адначасова ў адной сям’і. Два гады таму на свет з’явілася тройня.

“А нараджэнне двойні для нашага краю – з’ява звычайная, – падагульняе галоўны доктар. – Да нованароджаных і іх маладых матуль у нас ставяцца з асаблівай увагай. Мы разумеем, што ім неабходны кваліфікаваны медыцынскі нагляд”.

Забяспечанасць дак­та­рамі на Ашмяншчыне лепшая, чым у сярэднім па вобласці. І тым не менш Аляксандр Белянкоў кожны год чакае новых спецыялістаў. Летась прыехалі тры маладыя доктары – два акушэр-гінеколагі і адзін педыятр.

“Дзяўчаты пісь­мен­ныя, талковыя, – не нахваліцца Аляксандр Белянкоў. – Жыллём мы іх забяспечылі, цяпер яшчэ адна задача – выдаць дзяўчат замуж, каб яны засталіся на Ашмяншчыне”.

Галоўны доктар не выключае, што нараджальнасць сёлета узрасце яшчэ, таму спецыялісты гэтага профілю будуць запатрабаваныя.

Медыкі не бачаць сваёй заслугі ў працягласці нашага жыцця. Чым тады можна патлумачыць ашмянскі дэмаграфічны феномен? У спецыялістаў некалькі тлумачэнняў. Па-першае, унікальная прырода краю. Па другое, працавітасць мясцовых жыхароў. Рэдка на сельскім падворку нават старыя людзі не трымаюць уласную гаспадарку. Калі ўжо не карова, дык каза, куры – у кожным двары. Таму і харчаванне – здаровае.

Па дадзеных на 1 студзеня 2010 года, 100-гадовую мяжу пераступілі 577 жыхароў Беларусі. Сярод абласцей краіны безумоўнае і пастаяннае лідэрства традыцыйна ўтрымлівае Гродзенская вобласць. Тут жыве 147 чалавек, якім больш за 100 гадоў.

Наталля ШАФАРЭВІЧ.