Канцэрт калектываў мастацкай самадзейнасці раёна на пацвярджэнне звання “народны” і “ўзорны” прайшоў 20 сакавіка ў зале Палаца культуры. Называўся канцэрт “Крыніца творчасці народнай”.

Спяваюць ўдзельнікі грамадскага аб’яднання Беларускага таварыства па зроку.

Ансамбль “Забудова”.

Танчаць уздельнікі студыі эстраднага танца “ВіЗаВі”.

Хор настаўнікаў гімназіі № 7 “Світанак”.

Маладзечанскі раён налічвае 49 творчых калектываў, якія маюць гэтыя ганаровыя званні. Кожныя тры гады яны павінны пацвярджаць свой узровень творчага майстэрства.

Сёлета свята атрымалася асабліва яркім і запамінальным. Складалася яно з дзвюх частак. У першай частцы выступалі калектывы, якія ўжо маюць званні: народны ансамбль танца “Магістраль” Дома культуры чыгуначнікаў і народны хор настаўнікаў гімназіі № 7 “Світанак”.

У другой частцы свой гонар адстойвалі маладыя, але не менш дастойныя калектывы – прэтэндэнты на атрыманне званняў. Цікавую праграму паказаў ансамбль народнай песні “Забудова” Чысцінскага Дома культуры – удзельнік тэлевізійнага праекта “Песні маёй краіны”.

Яскрава паказаў сябе маладзечанскі Палац культуры. Прадстаўнікі палаца, студыя эстраднага танца “ВіЗаВі”, як заўсёды, былі непаўторнымі. Па словах кіраўніка студыі Віталіі Новаш, танцавальны калектыў налічвае каля дзвюх соцень чалавек рознага узросту. У хуткім часе з’явіцца новая праграма. Частка яе эксклюзіўна была паказана гледачам.

Вакальная група “Менестрэлі” завяршыла канцэрт сваім не менш яркім выступленнем. Яе ўдзельнікі прадэманстравалі добрыя вакальныя здольнасці і пакінулі толькі прыемныя ўражанні.

У рамках рэспубліканскай акцыі “Шлях Перамогі” ў гэты дзень прайшоў і агляд-конкурс ветэранскіх калектываў. У гонар 65-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне кампазіцыі на ваенную тэматыку выканалі не толькі ветэраны вайны. Выступілі таксама ўдзельнікі грамадскага аб’яднання Беларускага таварыства па зроку. Выйсці на сцэну ім дапамаглі. Але каб выканаць некалькі кампазіцый на “біс”, дапамога ім не спатрэбілася.

Вынікі конкурсу будуць вядомыя толькі праз месяц. Хто пацвердзіў сваё званне, а хто яго атрымае ўпершыню – вырашыць журы.

Таццяна БАЖКО, моладзевая рэдакцыя “РГ”.

Фота забячпечана аўтарам.