Акрамя нашых землякоў у спаборніцтвах удзельнічалі каманды навучальных устаноў Барысава, Слуцка, Клецка і Жодзіна. Вынікі спаборніцтваў прадставіў для “РГ” кіраўнік фізічнага выхавання Маладзечанскага прафесійна-тэхнічнага каледжа Пётр Ракіцкі. Каманда яго навучальнай установы ездзіла ў Барысаў.

Кампанію сваім землякам-маладзечанцам склалі навучэнцы Вілейскага прафесійна-тэхнічнага каледжа.

Маладзечанскія валейбалісты выйгралі чатыры гульні з пяці. Прычым усе – у дзвюх партыях. Саступілі толькі камандзе Слуцкага каледжа. Таксама прайграўшы дзве партыі. У выніку маладзечанцы набралі дзевяць ачкоў і сталі другімі.

Першае месца занялі нашы крыўдзіцелі, каманда са Слуцка. Случчане толькі адну партыю прайгралі Жодзінскаму ліцэю, астатнія ўсе гульні выйгралі з лікам 2:0. Жодзіна стала трэцім прызёрам спаборніцтваў.

Упарта праводзілі свае гульні віляйчане. Толькі ў адным іх матчы лік быў “сухім”. 2:0 мы перамаглі Барысаўскі каледж. Яшчэ адна перамога, з лікам 2:1, была над Клецкім ліцэем. Астатнія гульні вілейскія юныя валейбалісты прайгралі. Але ўсе з лікам 1:2. Гэта значыць, што ні ў адным матчы яны не здаваліся без бою. Але вынік ёсць вынік. Віляйчане чацвертыя – па-за п’дэсталам гонару. Пятае месца заняла каманда Барысаўскага каледжа. Шостае – каманда Клецкага ліцэя.

Нагадаем, што напярэдадні, 19-21 сакавіка, там жа, у Барысаве, дзяўчаты з Маладзечанскага прафесійна-тэхнічнага каледжа сталі лепшымі ў сваёй спартакіядзе па валейболе. Маладзечанкі выйгралі ўсе гульні. Цяпер яны будуць абараняць гонар Мінскай вобласці на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Турнір пройдзе ў Мінску 5-8 красавіка.

Сяргей ЗЯНЬКО.