“Фіят” біты і ззаду і спераду.

 

 

“Фіят” выязджаў з другараднай дарогі ад мікрараёна Парашкі ў бок сталіцы. Па словах інспектара дарожна-паставой службы райаддзела міліцыі Дзмітрыя Стасюлевіча, у машыне знаходзіліся чацвёра маладых людзей – два мужчыны і дзве жанчыны, адна з іх цяжарная.

Фура МАЗ рухалася з Мінска на Маладзечна. Грузавік перавозіў з прадпрыемства “Атлант” у наш “Белхол” дэталі для халадзільнікаў. На перакрыжаванні галоўнай і другараднай дарогі “Фіят” спачатку пярэдняй часткай ударыў грузавік у задняе правае кола цягача, потым МАЗ чапляе іншамарку прычэпам, фура складваецца, як нажніцы, б’е легкавушку “хвастом”, і яна адлятае ў кювет.

“Калі мы прыехалі на месца здарэння і ўбачылі “Фіят”, падумалі: жывых людзей у машыне не засталося, – успамінае Дзмітры Стасюлевіч. – На шчасце, і вадзіцель, і пасажыры абышліся лёгкім спалохам. Не пацярпеў таксама кіроўца фуры”.

Па словах інспектара, прычыны аварыі пакуль незразумелыя. Паказанні абодвух вадзіцеляў супрацьлеглыя. Кіроўца “Фіята” сцвярджае, што стаяў на перакрыжаванні, толькі збіраўся паварочваць на галоўную дарогу, а МАЗ, які праязджаў міма, ударыў яго.

Па версіі шафёра МАЗа, “Фіят” не прапусціў яго і выехаў на галоўную дарогу. Кіроўца фуры кажа, што пачаў тармазіць, але пазбегнуць удару не ўдалося.

Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі не прынялі пакуль канчатковага рашэння па здарэнні. Каб высветліць, хто на самой справе вінаваты ў аварыі, яны будуць праводзіць экспертызы і шукаць сведкаў, сказаў Дзмітры Стасюлевіч.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Дзмітрыя СТАСЮЛЕВІЧА.