Па словах старшага ўчастковага інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх Маладзечанскага аддзела ўнутраных спраў на транспарце Ірыны Полаз, “партызанскую” вайну чыгуначнікам аб’явілі 11 сакавіка тры вучні Красненскай школы. Барыкада, зробленая з камянёў, металічных пласцін і розных гаек, была даўжынёй прыкладна два метры. І калі б машыніст цягніка Вільня-Магілёў не заўважыў яе і не паведаміў у транспартную міліцыю, магла здарыцца трагедыя.

“На месца здарэння мы выехалі адразу ж, – расказвае Ірына Полаз, – аднак нікога ўжо не засталі. Завал разабраў памочнік машыніста электрычкі, якая рухалася па гэтым пуці, а свавольнікі разбегліся па дамах”.

Іх знайшлі 16 сакавіка. Аказалася, што так “пажартавалі” тры мясцовыя падлеткі, аднаму з якіх 14 гадоў, двум – па 13.

Яны так і не змаглі сказаць, навошта гэта зрабілі. “А самае страшнае, – кажа Ірына Полаз, – што толькі два хлопчыкі прызналі сваю віну, зразумелі, што паступілі няправільна. Трэці спакойна спытаў: “А што я зрабіў? Паклаў камяні ды і ўсё?”

Ад 27 сакавіка ў школах раёна пачаліся канікулы. Пакінутыя на саміх сябе дзеці бавяць час па-рознаму. Адны праводзяць яго за кніжкай ці камп’ютарам, другія, у пошуках прыгод, цэлымі днямі сланяюцца па вуліцах. Нярэдка іх можна сустрэць і на чыгунцы. Школьнікі не толькі ходзяць па пуцях, некаторыя, скарачаючы шлях, умудраюцца нават падлезці пад вагон з веласіпедам.

Інспектары затрымліваюць такіх смельчакоў, праводзяць з імі прафілактычныя гутаркі. Бывае, калі дзіця трапляе ў іх поле зроку не адзін раз, штрафуюць бацькоў. Мамы і таты на папярэджанні міліцыянераў рэагуюць па-рознаму. Адны хапаюцца, другія сварацца. Маўляў, падумаеш, скарачаючы дарогу, дзіця падлезла пад вагон.

“З такімі бацькамі вельмі цяжка, – кажа Ірына Полаз, – пачуўшы іх рэакцыю, дзеці ніколі не зразумеюць, што чыгунка – гэта не месца для гульняў і што кожны раз яны рызыкуюць сваім жыццём”.

Марына СЛІЖ.