У канцы сакавіка споўнілася 50 год вядомаму ў краіне літаратару Віктару Шніпу. 28 сакавіка Валожынскі раённы цэнтр культуры ладзіў літаратурна-музычную вечарыну, прысвечаную юбіляру.

Наш зямляк паэт Віктар Шніп адзначыў 50-гадовы юбілей.

Была сапраўды кампазіцыя. Але аб усім па парадку.

Вяла мерапрыемства кіраўнік мясцовага літаратурнага аб’яднання “Рунь” Валянціна Гіруць-Русакевіч.

Афіцыйнае віншаванне ад землякоў перадала начальнік аддзела па ідэалагічнай рабоце Валянціна Краўневіч, якая зачытала свае вершы да паэта. Падарунак – свежанькі буклет пра Валожынскі раён.

Далей пра пачатак свайго паэтычнага шляху расказаў сам Шніп. А паслухаць было што. Даведаўшыся ў школе, што Вязынка знаходзіцца за 10 кіламетраў ад яго родных Пугачоў, маленькі Віктар перапісаў у сшытак свае вершы, узяў у бацькоў рубель і пайшоў паказваць іх Купалу. Пабачыў хлопчык толькі музей песняра, нават не асмеліўся зайсці. Але ўражанне, канешне, было…

Супрацоўніца валожынскай раённай газеты “Працоўная слава” Наталля Штэйнер: “Будзе Віктар класікам”. Людміла Краснадубская выканала песню “Журавы” на ўласныя словы і музыку.

… Зноў слова Шніпу. У 15 год Віктар першы раз трапіў у Мінск – паступаў у архітэктурна-будаўнічы тэхнікум. Наіўны вясковы хлопец, які ва ўсё верыў – нават у аўтобусы, што маюць гармонік. У 17 год у “Чырвонай змене” быў апублікаваны першы верш.

Настаў час гасцей. Юбіляра віталі галоўны рэдактар газеты  “Літаратура і Мастацтва” Алесь Карлюкевіч, паэт, пісьменнік, радыёжурналіст Навум Гальпяровіч (“Валожынскай зямлі належаць Пётр Бітэль, ксёндз Чарняўскі, Шымон Пэрас, ёсць яшчэ і Віктар Шніп”). Мастак Алесь Квяткоўскі, ураджэнец Валожына, зрабіў падарунак гораду – партрэт Віктара Шніпа, які дырэктарам раённай бібліятэчнай сістэмы Ірынай Зянько вызначаны для бібліятэкі ў вёсцы Пугачы. Са сваімі аўтарскімі песнямі выступіла жонка мастака Вікторыя Ільлінская. Сваю кнігу-падарунак “Скарбы Беларусі” сябра паэта з Маладзечна Міхась Казлоўскі падмацаваў прыгожымі словамі: “З ім заўсёды добра і светла”.

Песню на словы Віктара Шніпа “А ў гасцях”, якую ведае, напэўна, кожны беларус, выканаў саліст раённага цэнтра культуры Аляксандр Шаўчэнка.

…Жыццё мяняецца. Сваё маленства Віктар правёў у бабулі ў вёсцы Лягезы. Жыве там зараз пяць чалавек і маецца адна карова на ўсю вёску. Бацькам ужо пад 80 год…

Вельмі кранула прысутных выступленне Людмілы Рублеўскай – жонкі паэта. “Вось мы і дажыліся да твайго першага сур’ёзнага юбілею”. І яшчэ. Згадзіцеся, зусім не кожная жанчына назаве свайго мужа галоўным падарункам у жыцці.

Ад работнікаў адукацыі выступіла дырэктар СШ №1 Ніна Бобрык. Юбіляра віталі начальнік аддзела культуры Вікенці Адамовіч (“Беларусы не памруць, калі ёсць такія апантаныя беларусы”), дырэктар краязнаўчага музея Наталля Лоўчая (прывяла словы Бітэля пра Радзіму: “Сваё любі да самазабыцця”).

Вядучая зачытала верш-прысвячэнне Міхася Курылы (“і працавіты, і пладавіты, і таленавіты”).

Юбіляр чытаў свае вершы. А заканчваў сустрэчу Гімн валожынскай зямлі.

Віктар Шніп адказаў на некалькі пытанняў аўтара гэтых радкоў.

– Гарадок, Ракава, Валожына, Дубрава, Радашкавічы… Значэнне кожнага населенага пункта для Віці Шніпа з Пугачоў? (Адлегласць па карце ад Пугачоў да Гарадка 8-9 км, Ракава – кіламетраў з 14, Валожына – 30, Дубрава – 6-7, Радашкавіч – 16).

– Кожны з гэтых населеных пунктаў мае для мяне пэўную адметнасць. Валожына – як сталіца маёй зямлі, цэнтр. У Ракаве жывуць родзічы, сямейства Янушкевічаў, Вячаслаў Рагойша. Праз Ракаў часцяком праходзіла дарога на Мінск, зваротны шлях на Радзіму. Каля Ракава быў Дом творчасці. Кожны год два тыдні мы знаходзіліся там з сям’ёй. Добра пісаліся вершы. У Дубраве знаходзяцца магілы дзядоў па бацькавай лініі і, на жаль, некаторых маіх аднакласнікаў. Тут жыў паэт і краязнаўца Вячаслаў Міхасёнак. Ладзілі літаратурнае свята “На Дзявочай гары” (Па легендзе тут была пахаваная князёўна. І сапраўды ў час раскопак, што праводзіў археолаг Эдвард Зайкоўскі, былі знойдзеныя яе астанкі – Аўт.). Праз Дубрава, як і праз Алёхнавічы, парой дабіраўся да Мінска. У Лягезах я прабыў ад васьмі месяцаў і да школы. Дзяцей ў вёсцы практычна не было, таму асноўныя зносіны мае былі з прыродай. У Гарадок бацькі заўсёды бралі мяне, калі я быў школьнікам. Галоўным пунктам для мяне была кнігарня, у Гарадку закупляліся падручнікі, сшыткі… Радашкавічы былі цэнтрам нашага раёна. У 16 год спецыяльна ездзіў з Мінска, каб пазнаёміцца з гэтым багатым на гісторыю мястэчкам…

– Тое, што жонка літаратарка, гэта што: стымул, перашкода, уцеха…?

– Дапамога. Магчымасць адразу атрымаць водгук. Раімся між сабой. Жонка – гэта першы чытач, як і я ў яе.

– Што можаце сказаць пра дзяцей?

– Творчыя людзі. Усцешна, што рэалізаваўся не толькі ў творчасці, але і як бацька. Адносяцца з павагай. Нармальныя дзеці.

– Вёска цяперашняя і вёска даўняя, дзяцінства – юнацтва: што змянілася?

– Людзі змяніліся. На жаль, шмат згублена традыцый. Любоў да зямлі засталася… Я лічу: усё будзе добра.

– Быў перыяд, другая палова 90-х, калі ў вас не выходзілі кнігі.

– Не толькі ў мяне. Быў пэўны агульны заняпад у выдавецкай справе. Перажылі. Выручала перыёдыка, сустрэчы з чытачамі… Зрэшты, выхад кнігі – гэта не самамэта, галоўнае – у творчасці…

– Ці ёсць храм для Віктара Шніпа?

– Наша Беларусь. Наша духоўнасць. Трэба берагчы традыцыі, любоў, веру. Творчыя людзі павінны спрыяць гэтаму.

– Максім Багдановіч для Шніпа?

– Прыклад іншым, як трэба пражыць. Нават калі мала часу засталося. Не думаючы пра гэта.

– Якія б вы выдзелілі асаблівасці маладых літаратараў?

– Мы ў маладыя гады пісалі без асаблівых эксперыментаў. Як Іван Шамякін, Янка Брыль, Васіль Быкаў… Цяпер моладзь больш разняволеная, смелая, выходзіць крышку “за рамкі”… Але пошук патрэбны.

Па агульным меркаванні, вечарына стала сапраўднай падзеяй для культурнай грамадскасці горада, для моладзі. Навум Гальпяровіч сказаў: “Зроблена з густам, шчыра”. Сімвалічнымі сталі словы Віктара Шніпа: “Да новых сустрэч…”.

Сяргей ЦІМОШКА.

Даведка “РГ” тут.

Фота з архіва “РГ”.