“Ну і кілбаса на малюнку ў дзядзькі Капцюга! Паглядзеў – ажно сліна пацякла”. Напісаў у сваім sms- паведамленні ў рэдакцыю наш чытач.
“Ці ж у вас аднаго! – сказала б я яму пры сустрэчы. Аблізваліся мы на тыя кілбасы ўсёй рэдакцыяй. Дарэчы, і сала там нішто сабе, і пірог, і яйкі.

Свята Вялічка павінна быць з чырвоным яечкам, – кажуць у народзе. Дзесьці чытала, што яйка – не проста атрыбут велікодных дзён. Яно, з аднаго боку, – сімвал сусветнай прасторы, галактыкі, з другога, кругавароту і бясконцасці жыцця, пачатку ўсякага адраджэння.

“Каб зразумець, што такое Вялікдзень, трэба ехаць у вёску”, – заўважыў летась напярэдадні свята мой старэйшы сын. Спрачацца не стала. Сама, пражыўшы больш за 20 гадоў у горадзе, ведаю, што ў вёсцы гэта свята весялейшае, смачнейшае, нейкае больш жаданае, ці што.

– Рыхтавацца ў нашым доме да Вялікадня пачыналі загадзя, – расказвае калега, што нарадзілася і вырасла ў мястэчку недалёка ад Маладзечна. – Мама здымала з вокнаў фіранкі і шторы, перамывала ўсе пакрывалы, палавічкі. Выносіліся на вуліцу нават матрацы, падушкі, коўдры. Каб на сонцы прасохлі, веснавым паветрам “падыхалі”.

Мы, дзяўчаты, стараліся ёй ва ўсім дапамагаць. Вільготная анучка не прапускала ніводнага куточка ў доме. Вымытымі напярэдадні свята былі столь, печкі, вокны, люстры і нават спінкі ў ложках. Ад клопатаў гэтых не стамляліся. Рабілі ўсё на адным дыханні. І з нецярпеннем чакалі свята, якое было з кілбасамі, пірагамі, валачобнікамі”.

Памятаю з дзяцінства пах велікодных пірагоў і я. Іх пяклі ў печы, што ў летняй кухні. З раніцы расчынялі, пасля падмешвалі, замешвалі, садзілі ў формы. З печы яны “выходзілі” высокімі, прыгожымі. І ў доме, пакуль астывалі пад ільняным ручніком, востра пахла карыцай і чарнушкай.

Абавязковым атрыбутам свята былі яйкі. Іх фарбавалі ў суботу зрання. А варылі – у чыгунчыку, куды бабуля папярэдне насыпала лушпінне ад цыбулі. Яйкі па колеру атрымліваліся розныя. Цёмна-бардовыя, чырвоныя, а калі да іх прыліпалі лушпінкі, то і рабенькія. Бывала, перш чым пакласці фарбаваць, маці прывязвала да іх ніткамі першыя вясновыя лісточкі. І тады яйкі атрымліваліся падобнымі да пісанак.

Мяса і кілбасы варылі дзесьці пасля абеду. Астывала ўсё ў калідоры на стале. Дарослыя да яго нават не датыкаліся. А мы, дзеці, ціхенька ласаваліся. Ці ж устаіш!

Вялікдзень у доме пачыналі рана. “Не злуй, уставай, – казала маці. – Той, хто на Вялікдзень незадаволена бурчыць, цэлы год будзе злым”. Ведалі мы і пра тое, што ў гэты дзень нельга спрачацца, сварыцца, падманваць, а яшчэ расказваць знаёмым і суседзям, што ў доме адзначалі свята. Бацька быў член партыі, маці – настаўніца. За гэтую “правіннасць” іх маглі прагнаць з работы, а нас, дзяцей, выключыць з піянераў альбо акцябрат.

Расказвала пра гэта неяк сваім дзецям. Слухалі як казку, недаверліва ўсміхаліся! А я і не пераконвала. Думала: вырастуць – самі пра ўсё даведаюцца і ва ўсім разбяруцца.

Марына СЛІЖ.

Яшчэ на гэту тэму.