Беларускі паэт Андрэй Зязюля. На жаль, імя гэтага таленавітага чалавека мала вядома ў Беларусі. Яго творы не змешчаныя ў школьных падручніках, не выхо­дзяць шматтысячнымі тыражамі.

Фота catholic.by

Мне давялося патра­ціць шмат часу, каб знайсці што-небудзь з яго літаратурнай спадчыны і скупыя біяграфічныя звесткі. Знайшлося ня­шмат. Прафесар Алег Лой­ка прысвяціў яго творчасці невялікі раз­дзел у курсе лекцый «Гісторыя беларус­кай літаратуры”. А літа­ратурная спадчына паэта засталася ў рэдкіх выданнях, знайсці якія ў масавых бібліятэках немагчыма.

Некаторыя звесткі пра паэта-асветніка мне ўдалося знайсці ў Аш­мянскім краязнаўчым музеі. Нарадзіўся Аляксандр Астрамовіч (такое сапраўднае прозвішча паэта) ў 1878 годзе ў сялянскай сям’і ў вёсцы Навасады Гальшанскай гміны Ашмянскага павета. Спачатку вучыўся ў Гальшанах, закончыў Ашмянскае павятовае вучылішча, працаваў на бацькавай гаспадарцы, самастойна вывучаў французскую мову. Потым служыў у войску. Пасля заканчэння каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу пачаў службу святаром у Ракаўскім касцёле на Валожыншчыне.

Літаратурная творчасць і асветніцкая дзейнасць ксяндза Аляксандра Астрамовіча звязаныя з вытокамі беларускага каталіцкага адра­джэння першай паловы ХХ стагоддзя.

У прадмове да пасмяротнага выдання выбраных твораў Андрэя Зязюлі Адам Станкевіч пісаў: «Усе тыя куткі Ашмяншчыны і Валожыншчыны, як Гальшаны, Трабы, Вішнёва, Баруны, Крэва, дзе часта пабываў Зязюля, помняць яго і сяння. Нёс ён туды прамень праўды, сьвятло беларускай народнай сьведамасьці як жывым словам, так і праз родную кніжку і газэту».

Першы верш «Песня дзяўчаці» пад псеўданімам Андрэй Зязюля паэт апублікаваў у газеце «Наша Ніва» ў 1909 годзе. Большасць ранніх вершаў у 1909-12 гадах ён друкаваў у гэтай газеце. Якраз тады пазнаёміўся і пасябраваў з Янкам Купалам, які вучыўся на агульнаадукацыйных курсах А. Чарняева ў Пецярбургу.

Пасля заснавання першай беларускай ката­ліцкай газе­ты «Беларус» Аляксандр Астрамовіч шмат друкаваўся ў гэтым штотыднёвіку і дапама­гаў рэдакцыі грашыма. Тады ж паэт апублікаваў адзіны прыжыццёвы невялікі зборнік вершаў «З роднага загону”, які выйшаў у Вільні ў 1914 годзе. Пазней друкаваўся ў беларускіх выданнях «Светач», «Гоман», «Вольная Беларусь», «Крыніца»

Асобным выданнем пры жыцці паэта была апублікаваная яго асветніцкая паэма «Слова праўды аб мове і долі беларусаў». Твор быў выдадзены ў Празе ў 1917 годзе і пазней ў бібліятэчцы газеты «Вольная Беларусь».

Пасля ранняй смерці паэта Адам Станкевіч апублікаваў у бібліятэчцы газеты «Беларуская крыніца» яго паэму «Аленчына вяселле» і зборнік вершаў «З роднага загону», які ўключаў большасць вядомых твораў Андрэя Зязюлі. У зборніку – чатыры раздзелы. Пачынаецца кніжка цыклам рэлігійных вершаў з паэтычнай малітвы па матывах першага псалма.

Першы беларускі хрысціянскі гімн Андрэй Зязюля змясціў у другім раздзеле, «Народныя», і назваў яго «Песня Беларусі».

Любоў да Беларусі шчыра праявілася ў нізках вершаў «Народныя», «Народнае жыццё», «Беларуская прырода», «Родная сяліба», у паэме «Аленчына вяселле». У лірычным цыкле «Беларуская прырода» паэт апявае прыгажосць кожнага месяца вясны, лета, восені і зімы, красу роднага хутара, поля, роднай дзяўчыны і роднай песні.

Усе творы паэта-святара – гутаркі настаўніка з духоўнымі дзецьмі. Сутнасць яго багаслоўя і філасофіі можна вызначыць коратка – любоў да Бога і любой Божай істоты, найперш – да Беларусі, роднага народа, беларускай мовы, культуры. Гэта любоў праявілася ўжо ў назве зборніка. Родны загон для паэта быў тою зоркаю, з вышыні якой ён хацеў абняць увесь Божы свет.

Вось як ахарактарызаваў паэта яго сучаснік і сябра Адам Станкевіч: «Характарам Астрамовіч быў шчыры, дзіўна просты, запальны і гарачы, заўсёды вясёлы, добры, услужны, горача набожны і дзіўна патрыятычны”.

Адной з прычын таго, што імя таленавітага паэта-патрыёта доўгі час было забытае, з’яўлялася яго дзейнасць на ніве святара каталіцкага касцёла, якая для атэістычна настроенага грамадства стала кампраматам.

Але ж сёння – другі час. І мы, нашчадкі, у неаплатным даўгу перад памяццю асветніка Аляксандра Астрамовіча.

Наталля ШАФАРЭВІЧ.