Надзейнай прыкметай гатоўнасці глебы ў нашых продкаў з`яўлялася наступнае: сціскалі ў жмені невялікі яе камяк і з сілай разбівалі вобзем.

Калі рассыпаўся – “засупоньвай хамут”. Пачалі жабы крактаць – выходзь у поле. Жаўрук зазвінеў – бяры саху ў рукі. Не без падстаў у народзе было прынята выязджаць у поле пасля першага грому: следам за ім усталёўваліся цёплыя пагодлівыя дзянькі. Вопытныя сейбіты аддавалі даніну павагі традыцыям і больш спадзяваліся на сябе, на веды і ўменні. Кідалі зярняты раўнамерна праз крок, пазбягалі неглыбокага іх загортвання. Тэрмін сяўбы залежаў ад рэгіянальных асаблівасцяў, мелі на ўвазе і такое: як цвіце каліна – без ваганняў сей ячмень.

Бульбу саджаюць праз тыдзень пасля распускання лісточкаў на бярозе, раннія буракі і рэпу сеюць у перыяд цвіцення асіны, а радыску і раннюю моркву – падчас масавага цвіцення падбелу (мать-и-мачехи). Калі зацвіце блакітны бэз і жоўтая акацыя – пара садзіць агуркі, адцвіла чаромха, значыць, замаразкі прайшлі і можна пасадзіць фасолю, высадзіць расаду перцаў пад плёнку, таматаў, баклажанаў.

Участкі, дзе пасеялі радыску, рэдзьку, рэпу да ўсходу ці па захадзе, раніцай па расе апыліце тытунёвым пылам, попелам ці гашанай вапнай у сумесі з попелам (1:1), каб папярэдзіць з’яўленне ці знішчыць агародных блошак і іншых шкоднікаў.

У садзе

У красавіку дрэвы і кусты пачынаюць вегетацыю. Таму, як толькі падсохне глеба, іх трэба вызваліць ад абвязачнага матэрыялу, абчысціць адмерлую кару на ствалах і вялікіх суках старых дрэў, збіць і ўбраць мінулагоднія плады, узнавіць пабелку на штамбах, унесці вадкія арганічныя і мінеральныя ўгнаенні на прыствольныя кругі і ўзрыхліць глебу.

Красавік найбольш падыходзіць для пасадкі саджанцаў. На гліністых глебах ямы капаюць за 10-12 дзён да пасадкі, каб падсохла глеба і прагрэліся дно і сценкі, а на супясчаных – у дзень пасадкі. Перад пасадкай у саджанцаў падразаюць падгніўшыя карані, змазваюць раны садовым варам. Пасля пасадкі саджанцы паліваюць з разліку 2-3 вядры вады на дрэўца яблыні, грушы і адно вядро на саджанец маліны, агрэсту. У яблынь і груш падразаюць верхнія бакавыя сучкі. Саджанцы маліны ўкарочваюць да вышыні 40 сантыметраў, парэчак і агрэсту – 15-25.

Супраць вусеняў яблыневага і вішнёвага кветкаводаў, якія падымаюцца з глебы па штамбу ў крону, накладваюць лоўчыя паясы на штамбы, а калі ёсць апорныя калкі, то і на іх на вышыні 25-30 сантыметраў ад зямлі. Паясы прамочваюць клеем “Песціфікс”. Калі сады адцвітуць, паясы здымаюць. Папяровыя спальваюць, з тканіны мыюць у шчолаку і зноў выкарыстоўваюць супраць пладажэркі. Нарыхтоўваюць дымавыя кучы для засцярогі раслін ад замаразкаў падчас цвіцення.

Дрэвы і кусты апырскваюць супраць хвароб і шкоднікаў настоямі і адварамі часнаку, шалупіння цыбулі, лісця дзьмухаўцу, памідораў, бульбоўніку і іншых раслін праз 5-7 дзён. Але, калі раскрыюцца пупышкі, рабіць гэта нельга, каб не знішчыць пчол.

У агародзе

Задача агароднікаў – належным чынам падрыхтаваць глебу і не ўпусціць лепшых тэрмінаў сяўбы або пасадкі. Напрыклад, буракі высяваюцца толькі ў добра прагрэтую глебу.

Калі глеба саспела, уносяць арганічныя ўгнаенні пад плуг ці пад лапату. Там, дзе было восенню перакапана, цяпер трэба капаць на трэць мяльчэй. Толькі на цяжкіх і гліністых глебах перакопваюць на поўную глыбіню ворнага слоя, барануюць, выбіраюць карэнішчы пустазелля.

Прарошчанае або намочанае насенне выся­ваць трэба толькі ў віль­готную глебу. Участкі, дзе пасеялі рэпу, рэдзьку, радыску да з’яўлення ўсходаў або пасля іх раніцай па расе апыльваюць тытунёвым пылам ці попелам або попелам у сумесі з гашанай вапнай (1:1), каб папярэдзіць або знішчыць агародных блошак і іншых шкоднікаў.

З 2 да 14 красавіка Месяц убывае, а з 14 да 28 будзе расці. Неспрыяльныя для сяўбы і пасадкі любой культуры дні 7-9, 13, 14,21-23, 28 красавіка.

Альбін МАКАРЭВІЧ.