Дзям’ян Крот і Іван Скабей – землякі. Жылі ў суседніх вёсках, хадзілі аднымі сцежкамі. Разам і на вайну пайшлі.

Віляйчане Іван Скабей і Дзям’ян Крот у дні Першай сусветнай вайны. Фотаздымак 1915- 1916 года.

Першая сусветная пачалася 28 ліпеня 1914 года. Іх прызвалі пазней. Як кажуць сваякі, дзесьці ў канцы 1915 – пачатку 1916 года. Перад адпраўкай на фронт хутчэй за ўсё накіравалі ў “вучэбку”. Там у адзін з вольных дзён хлопцы і сфатаграфаваліся.

Стаяць салдаты ля дэкаратыўнага століка, на які, канешне ж, дзеля прыгажосці фатограф паставіў невялічкі гармонік і букет. Думаю, што стаіць ён у вельмі высокай вазе. Кветкі не штучныя, жывыя. Бачна, што паапускалі свае галовы.

Выраз тавару ў салдат сур’ёзны. Шчыльна сціснутыя вусны ў Івана Скабея (ён на здымку злева), строгі позірк у Дзям’яна Крата. Хто ведае, пра што яны ў гэты момант думаюць: пра свае сем’і, што засталіся дома, ці пра заўтрашні бой?

“Хутчэй за ўсё пораху хлопцы панюхаць яшчэ не паспелі, – гаворыць віляйчанін Ігар Мароз, які і прынёс фотаздымак у рэдакцыю. – Форма ў іх новенькая, падагнаная, боты наваксаваныя так, што можна глядзецца”.

Абаім ім пашчасціла. З вайны, што доўжылася 51 месяц і два тыдні, прыйшлі жывымі. Дзям’ян, праўда, трапіў у палон, пра што не вельмі любіў расказваць. “Ведаю толькі, што, вярнуўшыся адтуль, дзядзька прывёз вельмі шмат розных кніжак, – гаворыць Ігар Мароз.– Да 1939 года іх чыталі. А пасля мужчына склаў ўвесь свой скарб і закапаў у зямлю”. Час тады быў такі. Людзі баяліся не толькі адно аднаго, але і саміх сябе. Адно неасцярожна сказанае слова і нават позірк маглі каштаваць жыцця.

Дзям’ян Крот родам з вёскі Качанкі, што ў Вілейскім раёне. Іван Скабей – з Крывога Сяла. Вёскі стаяць побач, прыблізна ў кіламетры адна ад адной. І калі стаць ў пачатку аднаго населенага пункта і добра прыгледзецца, то можна ўбачыць, што робіць гаспадыня ў крайнім двары другога.

Сваякі кажуць, што Дзям’ян нарадзіўся ў 1890 годзе. Хутчэй за ўсё яго равеснікам быў і Іван. Лёс адмераў гэтаму чалавеку не вельмі багата гадоў. У Вялікую Айчынную, зімой 1944 года, ён прастудзіўся і памёр. Яго таварыша не стала ў 1960-м. Дзям’ян быў чалавекам адукаваным, шмат чытаў, мог скласці любы дакумент.

Фотаздымак, якому без малога 100 гадоў, захоўвае ў сямейным альбоме праўнук Івана Скабея – Аляксандр. Дарэчы, Дзям’ян Крот яму таксама радня па лініі маці.

Марына СЛІЖ.