Да 76-гадовай пенсіянеркі ў госці прыйшлі дзве суседкі – адна 1950, другая – 1935 года нараджэння. Каля 20 гадзін у дом уварваўся мужчына і жалезнай кульбай пачаў збіваць жанчын, расказаў у інтэрв’ю “РГ” старшы памочнік пракурора Мядзельскага раёна Андрэй Гавета, які выязджаў на месца здарэння.

59-гадовая суседка гаспадыні ад пабояў загінула на месцы, гаспадыня праз паўгадзіны памерла ў бальніцы. Жанчына, якой падазроны ў злачынстве зламаў руку і нанёс траўмы галавы, здолела ўцячы. Яна і выклікала міліцыю і “хуткую дапамогу”.

Па словах Андрэя Гаветы, мужчына быў у стане алкагольнага ап’янення. Ён стаіць на ўліку ў псіхіятра. Невядомы пакуль матыў злачынства. У доме была гарэлка і грошы, нападальнік не ўзяў нічога. Справа цяпер узбуджаная па артыкуле “Забойства дзвюх і больш асобаў”. Да вытворчасці яе прыняла пракуратура Мінскай вобласці. Але, як адзначыў Андрэй Гавета, да фармулёўкі, магчыма, будзе дададзена “з асаблівай жорсткасцю”.

Хутчэй за ўсё, таксама ўзбудзяць і крымінальную справу па артыкуле “Наўмыснае прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў”. Пацярпелай па ёй будзе праходзіць жанчына, якая выжыла ў гэтым жаху.

Сяргей ЗЯНЬКО.