Матч пачаўся толькі пасля таго, як на паляне кучы зямлі, нарытыя кратамі, разраўнялі граблямі. Трэнеры “Маладзечна” Аляксандр Гармаза і Віталь Казяк далі згуляць усім футбалістам, якія сёння ёсць у камандзе. Нават за валожынцаў у вароты стаў маладзечанскі галкіпер Антон Шчэрба.

У першым тайме на поле Гармаза з Казяком выставілі асноўны састаў, у другім усіх дзесяць палявых гульцоў замянілі маладыя хлопцы, якія сёлета выступяць у першынстве Мінскай вобласці за “Маладзечна-ДЮСШ-2” і якіх паступова будуць падцягваць да асноўнай каманды горада.

Розніца ў класе адчувалася. Было бачна, што маладзечанцы мацнейшыя, хаця і валожынцы паўсталі не такімі ўжо хлопчыкамі для біцця. Першы гол адбыўся на 10 хвіліне. Пайшла перадача ўразрэз, мяч атрымаў Радзівон Брадніцкі, выйшаў адзін на адзін са Шчэрбам і не пакінуў яму шансаў – 1:0.

На 22 хвіліне лік падвоіўся. Спачатку Сяргей Дараховіч з-за межаў штрафной акуратна клаў прадмет гульні, бы рукой, у правую ад Шчэрбы “дзевятку”, але крыжавіна Антона выратавала. Мяч адскочыў да Антона Капцюга, і яго цёзку ўжо не выратавала нішто – 2:0.

Праз пару хвілін валожынцы адыгралі адзін гол. Няўпэўнена згуляў маладзечанскі вартавы варот Канстанцін Сашчанка – 2:1. З такім лікам каманды пайшлі на перапынак.

Другі тайм дубль “Маладзечна” пачаў не зусім упэўнена. Першую яго палову мяч больш гасцяваў на палове поля каманды з чэмпіянату Беларусі. І другі гол валожынцаў не прымусіў сябе доўга чакаць. На 59 хвіліне мяч пасля нямоцнага ўдару заляцеў у правы, блізкі ад Сашчанкі вугал варот, і нельга сказаць, што Косця не мог яго дастаць – 2:2.

Трэнеры спадзяюцца, што няўпэўненую гульню асноўнага галкіпера каманды можна патлумачыць выдаткамі трэніровачнага працэсу на драўлянай падлозе спартзалы.

Пасля таго як лік стаў роўным, маладзечанская моладзь актывізавалася. Больш гэта тычыцца Ягора Гармазы, Уладзіслава Касцюка і Ігара Талькоўскага. Сын галоўнага трэнера дастаткова правільна выконваў ролю дыспетчара ў цэнтры поля, знаходзячы арыгінальныя рашэнні пры распасоўцы, а Улад з Ігарам напружвалі абаронцаў саперніка хуткімі перамяшчэннямі наперадзе.

На 63 хвіліне пасля прастрэлу з правага кута варатарскай пляцоўкі абаронцы не дапамаглі Шчэрбу, не паспелі вынесці мяч з варатарскай, і Касцюк прапіхнуў яго ў вароты – 3:2. А на 76 хвіліне ў штрафной пляцоўцы справа Улад тэхнічна абыграў саперніка, выходзіў на забойную пазіцыю, і валожынцу нічога не заставалася, як даць маладзечанцу па нагах. Пенальці неаспрэчны. Сам Уладзіслаў яго і рэалізаваў – 4:2.

“Зразумела, што сапернік быў невысокага ўзроўню і на гульню мы ставілі адну простую задачу – атрымаць гульнявую практыку і адчуць натуральны газон. Цяпер будзем старацца гуляць на зямлі як мага больш, каб прывыкнуць да яе да пачатку сезона”, – падсумаваў Віталь Казяк у інтэрв’ю нашаму выданню.

Сяргей ЗЯНЬКО.

Фота Сяргея ЗЯНЬКО.