6 красавіка 100-гадовы юбілей адзначыць слынны дзеяч беларускай эміграцыі, сусветна вядомы вучоны Барыс Кіт. З гэтай нагоды МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” ў межах аргкамітэту па святкаванні 100-гадовага юбілею Барыса Кіта ў дзень нараджэння юбіляра ладзіць святочную вечарыну.

Падчас імпрэзы Барыса Кіта будуць віншаваць акадэмік Радзім Гарэцкі, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, паэт Сяргей Законнікаў, галоўны рэдактар газеты “Народная Воля” Іосіф Сярэдзіч, пісьменнікі Уладзімір Арлоў і Васіль Якавенка (старшыня аргкамітэту па святкаванні 100-гадовага юбілею Барыса Кіта).

Падчас вечарыны будзе зачытана вітанне ад юбіляра. Зробіць гэта давераная асоба Барыса Кіта Лідзія Савік.

Музычным упрыгожаннем імпрэзы стануць выступленні бардаў Алеся Камоцкага і Таццяны Беланогай, а таксама заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Віктара Скорабагатава.

На вечарыне будзе дзейнічаць выстава кніг і дакументаў, прысвечаных юбіляру. Мерапрыемства адбудзецца 6 красавіка ў Палацы мастацтва (г. Мінск, вул. Казлова, 3). Пачатак а 17.00. Уваход вольны.

Паведамленне tut.by.