З Міхаілам Петухам мы сустрэліся для размовы ў Вілейскім краязнаўчым музеі. Тут яго, вандроўніка і краязнаўцу, добра ведаюць.

Падчас паходу па ўкраінскіх Карпатах.

Турклуб “Чарапашкі” зімой таксама ладзіць вандроўкі.

Міхаіл Петух найбольш любіць водныя паходы. Даводзілася і ў ваду кульнуцца.

Вучыць маладых.

На прывале падчас экспедыцыі “Шляхам Тышкевіча” ў 2009 годзе.

Карціна Івана Шышкіна “Раніца ў сасновым лесе”. За мядзведзяў выдаюць сябе Алег Гіль, Міхаіл Петух і Міхаіл Міхалевіч.

У гасцях у Алега Мізгайлы (Жодзішкі).

Расказваць пра сябе для газеты Міхаіл Мікалаевіч адмаўляўся: “Няёмка неяк – я звычайны чалавек, не герой”. Таму мы пачалі гаварыць пра турызм.

– Навошта школьнікам турызм? Можа, хай бы лепш за падручнікамі пасядзелі?

– Я лічу, што няма лепшай формы працы з дзецьмі, чым турызм. Бо гэта ў большасці сваёй фізкультура і прыгажосць. Мы не гаворым аб прафесіяналах – інструктарах, альпіністах, якія выбіраюць сапраўды вельмі складаныя маршруты і выступаюць на міжнародных спаборніцтвах – іх адзінкі. Астатнім турызм дае магчымасць усебакова развівацца: і маральна, і фізічна.

Я найбольш люблю байдарку, катамараны – водны турызм. Калі спускаешся па рацэ, то, хочаш ці не хочаш, становішся філосафам. Ты набіраешся прыроднай мудрасці і становішся лепшым – сярод прыгожага не можаш заставацца дрэнным. І гэты станоўчы ўплыў перавыхоўвае і дзяцей, і дарослых, людзі вяртаюцца дадому іншымі. Мала таго, што чалавек аказваецца ў нязвыклых, крыху экстрэмальных умовах, ён яшчэ і пазбаўлены дабротаў цывілізацыі, якія ў большасці сваёй атручваюць жыццё: тэлебачанне, газеты, камп’ютары, відэафільмы. З аднаго боку гэта – патрэбныя, цікавыя і карысныя рэчы, з другога – яны адрываюць чалавека ад яго каранёў. Розныя відэафільмы, напрыклад, падлеткі цяпер маюць магчымасць глядзець бескантрольна. Мала хто з сённяшніх бацькоў займаецца сваімі дзецьмі.

А самі па сабе тэлебачанне і іншае – добрыя рэчы, калі яны ў добрых руках. На жаль, рукі часта бываюць брудныя. Адпаведна з экрана да нас ідзе брыдота.

– Значыць, вы самі не глядзіце тэлевізар?

– Не скажу, што зусім не гляджу – калі-нікалі навіны. І то абмежавана. А на астатняе мне проста няма часу. Ды і патрэбы таксама.

– І ведзяце здаровы лад жыцця?

– Стараюся з усіх сіл, – Міхаіл Мікалаевіч усміхаецца і ўжо больш сур’ёзна дадае. – Сказаць, што я заўсёды і ва ўсім з’яўляюся прыкладам – гэта смешна.

– Ведаю, што вы шмат што ўмееце. Напрыклад, добра валодаеце камп’ютарам, здымаеце і манціруеце фільмы. А торты пячы ўмееце?

– Торты мы робім, а пячом пірагі. У нашага турклуба ёсць традыцыя: калі мы ўзнімаемся на высокую вяршыню – Гаверлу ва ўкраінскіх Карпатах ці Раман-Кош у Крыме – робім торт і з’ядаем яго. Складнікі простыя – згушчонка, пячэнне, халва, курага, зефір, тое, што можна без праблем некалькі дзён несці на сабе. Але для страўніка радасць.

А пірог мы (я і яшчэ некалькі чалавек з турысцкага кола) пячом на Вялікдзень для парафіян царквы на Шанхаі. Ён з дражджавога цеста, упрыгожаны рознакаляровай глазурай – рэчка, вожыкі, баранчыкі, іншыя жывёлы і птушкі. Сёлетні пірог быў, напэўна, шаснаццатым.

– Увогуле любіце паесці?

– Я люблю, калі смачна і многа. Ёсць такі турысцкі прынцып: калі ты сыты, вакол надта прыгожа. Наогул, калі сур’ёзна казаць пра ежу, усе турысты ядуць усё. Асаблівасці густу ёсць, але звычайна гэта ўсёедныя людзі.

– Калегі-краязнаўцы расказваюць, што вы цікавіцеся і экалагічнымі праблемамі.

– Так, восенню 2009 года турклуб “Чарапашкі” правёў даследаванне ракі Вілія. Не ад самых вытокаў, але ад пачатку ракі ў Вілейскім раёне да Нарачанкі. Бралі пробы вады там, дзе ёсць прыток ці забруджванне: Сэрвач, Нарачанка, перад Вілейкай, пасля яе, скіды з фермы і г.д. Правяралі колькасць кіслароду ў вадзе – гэта адзін з паказчыкаў яе якасці. Адначасова мы яшчэ вызначалі наяўнасць і прыкладную колькасць нітратаў з дапамогай тэста Мерка (такая каляровая шкала) у калодзежнай і водаправоднай вадзе ў населеных пунктах, размешчаных уздоўж Віліі. Лічу, што гэта цікава не толькі мясцовым жыхарам, але і турыстам, якія ў паходах спажываюць розную ваду.

Экапраект “Партнёрства” даў нам міні-лабараторыю і забяспечыў хімікатамі. Гэтае даследаванне – толькі агульная карціна, створаная навуковымі метадамі.

– І якое ваша ўражанне?

– Ёсць населеныя пункты, дзе вада вельмі добрай якасці. Напрыклад, Трапалава. Там традыцыйна робяць глыбокія калодзежы, больш за 10 метраў, і вада чыстая. А ёсць мясціны, дзе я б лепш спажываў ваду проста з Віліі.

У частцы Віліі на тэрыторыі Вілейскага раёна мы заўважылі два правалы па колькасці кіслароду – ля Сцешыцаў і ў вусці Сэрвачы. У першым выпадку анамалія тлумачыцца тым, што рака прабіла сабе новае рэчышча і вада стала застойвацца. Новай перамычкі на даступных нам картах няма – гэта паказаў здымак з космасу.

Не змаглі патлумачыць толькі малую колькасць кіслароду ў Сэрвачы. І мясцовыя жыхары расказалі, што гады два таму ў гэтай рацэ знікла рыба – нейкая экалагічная катастрофа адбылася.

Між тым Вілейка ўзнікла дзякуючы рацэ. Мы жывём тут і павінны быць удзячныя Віліі – рабіць яе чысцейшай, прыгажэйшай. Аднак пакуль што мы да яе ставімся як да рэчы, якой можам скарыстацца і выкінуць.

А рака вельмі прыгожая. Каб яна жыла і сплаўляліся па ёй людзі, трэба яе крыху акультурыць. Ці наадварот – зменшыць уплыў культуры і цывілізацыі. Магчыма, гучыць смешна. Тым не менш ёсць людзі, якія хацелі б падчас вандроўкі не чуць музыкі, не бачыць тэлевізара і не сустракаць людзей – адпачыць у дзікай прыродзе. Каб можна было ў любым месцы паставіць палатку і распаліць агонь. Натуральна, выконваючы правілы пажарнай бяспекі. Бо сапраўдныя турысты вельмі сур’ёзна да гэтай справы ставяцца – ніводзін турыст не пройдзе міма травы, якая тлее. Думаю, яны ў гэтым плане больш свядомыя людзі, чым астатнія.

Але мужы ці жонкі турыстаў часта бываюць далікатнымі, непрыстасаванымі. Кажуць: “Я б з табой пайшла/пайшоў, але каб хоць раз на тры дні мець гарачы душ”. Так што на маршруце нядрэнна было б зрэдку сустракаць якія аграсядзібы. Для адпачынку, для камфорту тых, хто не хоча экстрыму, не можа мыцца ў рацэ. Па-першае, не маюць навыкаў, па-другое, навошта экстрым, калі можна зрабіць па-людску, па-еўрапейску. Дарэчы, менавіта дзікай прыродай мы можам прывабіць замежных турыстаў. Нашы суседзі, літоўцы, якія хадзілі з намі ў экспедыцыю ў 2007 годзе, былі проста ў захапленні. Наш край мае вялікі патэнцыял дзікасці, якая можа зацікавіць замежнікаў. Але на сённяшні дзень спартыўны турызм сур’ёзна не развіваецца. А хто на гэтых маршрутах будзе, напрыклад, інструктарам? Так што ёсць праблемы.

– А вы з якіх турыстаў? Любіце цішыню і бязлюддзе ці гатовы сустракацца з цывілізацыяй?

– Вы ўжо проста да сценкі мяне прыціснулі – ці так, ці так…

– Неабавязкова толькі так ці гэтак. У некаторых гэта залежыць ад настрою.

– Настрой павінны быць роўным. Жыццё трэба прымаць такім, якое яно ёсць. Ёсць сонейка – трэба радавацца сонейку, пайшоў дождж – трэба радавацца дажджу. Бо гэта ўсё – складальнікі гармоніі.

Ёсць розныя бакі жыцця: сузіранне і зносіны. І гэта нармальна. Калі мы проста сузіраем прыроду – становімся крыху філосафамі, мудрацамі. Калі кантактуем з людзьмі – развіваем розум і душэўныя якасці, эмпатуем – суперажываем, пранікаем у свет іншага чалавека.

Так што ўзбагаціцца можна і ад назіранняў за мурашкам ці страказой, і ад сустрэчы з якім-небудзь чалавекам. Неабавязкова вядомым – гэта можа быць проста бабулька, дзядулечка.

– Дарэчы, ці не сталі мясцовыя людзі насцярожана ставіцца да чужынцаў, што з’яўляюцца ў іх мясцовасці? Жыццё ж цяпер такое – выбухі на вуліцах, у метро…

– Не. Па берагах жывуць людзі пажылыя. Яны іншыя. Яны занятыя працай – ім няма калі глядзець тэлевізар. Яны чулі, што нешта такое недзе было. Але ўсё прымаць блізка да сэрца і да галавы проста фізічна не могуць.

Увогуле гэта сур’ёзная праблема для гараджан: вялікая колькасць негатыўнай інфармацыі разбурае псіхіку. У першую чаргу таму, што чалавек бачыць негатыў, але не мае магчымасці на гэта паўплываць. У нашай прыродзе закладзена так, што ў небяспечнай сітуацыі трэба ці нападаць, ці ратавацца. Калі ты не робіш ні тое, ні другое, то адбываецца раздваенне чалавека, псіхіка разбураецца.

– Восенню вы з дзецьмі даследавалі Вілію. А над чым цяпер працуеце?

– Канкрэтна зараз – гляджу “Спіс аб’ектаў гісторыка-культурных славутасцяў Вілейскага раёна”. Бо з намі хоча супрацоўнічаць эксперт у сферы ўстойлівага развіцця Валерыя Кліцунова. Яна распрацоўвае “зялёныя маршруты” – шляхі, пракладзеныя ўздоўж рэк, якія аб’ядноўваюць аб’екты прыроднай і культурнай спадчыны.

Таксама рыхтую чацвертую экспедыцыю “Шляхам Тышкевіча”. Яна зноў будзе міжнароднай. Пакуль што запісаліся 105 чалавек – з Вілейкі, Смаргоні, Маладзечна, Мінска і з Літвы. Яны пойдуць на плытах, катамаранах, байдарках, лодках – у каго што ёсць. Хто не мае свайго – возьме напракат.

– Хто гэтыя людзі?

– Сярод іх ёсць і турысты, і краязнаўцы, і проста людзі, якія захавалі сваю актыўнасць. Я паглядзеў спіс – было цікава, паводле якога прынцыпу фарміруецца група для вандроўкі. Аказалася, што ў экспедыцыю збіраюцца людзі з вышэйшай адукацыяй 50 гадоў (плюс-мінус год-два) і 20-гадовыя. Тых, каму 30-40, практычна няма. Гэтыя людзі зарабляюць грошы, здабываюць “хлеб штодзённы”. Мяне гэта ўражвае. Праўда, радуе, што некаторыя з 50-гадовых бяруць з сабой унукаў: яны ведаюць, што гэта важна, і спрабуюць далучыць нашчадкаў. А бацькі ў гэты час занятыя, занятыя і зноў занятыя.

Безумоўна, шкада, што самая актыўная частка адсутнічае. Людзі думаюць, што галоўнае – грошы. Яны сапраўды важныя, але гэта не самае галоўнае ў жыцці.

І я проста не бачу 35-40-гадовых людзей у спісе. Гэта, на маю думку, бяда. Яны павінны былі разам са сваімі дзецьмі запісацца. Калі бацька і маці вандруюць са сваім дзіцем, яны разам пазнаюць свет. І сям’я становіцца мацнейшай.

– Як вы справіцеся кіраваць такой вялікай колькасцю людзей рознага ўзросту?

– Большасць удзельнікаў – дарослыя. Яны дапамогуць кантраляваць дзяцей: кожны непаўналетні будзе даручаны некаму з дарослых, які праверыць, ці на месцы, ці надзеў выратавальную камізэльку і г.д.

– З кім у паходзе лягчэй – з дарослымі ці з дзецьмі?

– Справа не ў тым, лягчэй ці цяжэй. Калі працуеш, заўсёды цяжка. Сутнасць не ў гэтым. Трэба паглядзець інакш. Хто часцей топіцца? Той, хто ўмее плаваць. Хто не ўмее – беражэцца і топіцца радзей. Так і тут. Дзеці адчуваюць сваю недасведчанасць і непадрыхтаванасць. Хай сабе яны сто разоў агрызнуцца, але хутчэй за ўсё паслухаюцца. А дарослыя ўпэўненыя, што яны ўсё ведаюць і могуць. Таму трымаць дысцыпліну ў дарослай групе складаней.

Але праца – заўсёды праца. Не трэба расслабляцца і ўспамінаць: ах, вось тут лёгка атрымалася. Лёгка атрымалася таму, што побач былі людзі, якія цябе падтрымалі, г.зн. узялі на сябе частку твайго грузу – паплечнікі.

Дарэчы, у экспедыцыях “Чарапашак” па мясцінах Першай сусветнай вайны пастаянна ўдзельнічае і вельмі дапамагае Крысціна Іванаўна Гардынец, намеснік дырэктара гімназіі №2. У яе і муж турыст, і дочкі хадзілі ў паходы.

– Ёсць катэгорыя людзей, якім супрацьпаказана ісці ў паход?

– Ёсць супрацьпаказанні па медыцынскіх крытэрыях. Але я лічу, што ў паход трэба браць тых, каго душа бярэ. Я вельмі рэдка адмаўляю па медыцынскіх паказчыках. У аднадзённыя паходы ўвогуле могуць хадзіць амаль усе. У двухдзённыя – трохі меней людзей. А для сур’ёзных катэгарыйных патрэбна спецыяльная падрыхтоўка – і фізічная, і псіхалагічная. Такую нагрузку не кожны вытрымае. Але і па гэтай прычыне я не адмаўляю дзецям з турклуба – кожны сам падчас больш лёгкіх паходаў разумее, што яго магчымасці абмежаваныя – хваробай ці ўзроўнем падрыхтоўкі – і проста сам не пойдзе.

– Які паход вам запомніўся як самы складаны?

– З вандровак, у якіх я быў з дзецьмі, найбольш запомніліся два – абодва водныя.

У 2003 годзе мы сутыкнуліся з нядбайнасцю гідролагаў. Яны вымяралі паводку: нацягнулі над ракой дрот са сваімі нейкімі прыстасаваннямі. Высокая вада – дрот аказаўся на ўзроўні шыі. Плынь хуткая – нашы байдаркі перакуліліся, і мы аказаліся ў вадзе.

Другі раз мы ў 2006 годзе восенню, рыхтуючы першую экспедыцыю “Шляхам Тышкевіча”, на канікулах пайшлі на байдарках па Віліі. Каб зрабіць хранаметраж: адсюль да такой вёскі столькі кіламетраў, прайсці можна за такі час і г.д. Восень цёплая – +10 градусаў. Прыязджаем да месца старту – у вёску Вілейка Докшыцкага раёна. Пачынае ісці дождж. Пад дажджом выгружаемся, ставім намёты. Раніцай усё пакрытае снегам. У першую ноч было мінус 6 градусаў, у другую – мінус 12. Мы ішлі на байдарках па рацэ і праз кожныя хвілін 10 збівалі лёд, які намярзаў на вёслах. У трэцюю ноч – мінус 18. Раніцай пайшла шуга – сумесь ледзяных крышталяў плыла па вадзе вялікімі плямамі. Тут жа пачынаецца вадасховішча, а там – проста мешаніна. Нас магло, як экіпаж “Чэлюскіна”, зацерці льдамі. Мы былі вымушаныя закончыць паход. А праз дзень пачалася адліга. Дзеці па сённяшні дзень той паход згадваюць.

Турызм менавіта тым і цікавы, што прымушае быць гатовым да любых умоў. Ніколі не ведаеш, што цябе чакае. Вось самы звычайны паход – на два дні з адным начлегам, проста схадзіць на вадасховішча. Ну мінус 7, але сонейка свеціць, чаму б не схадзіць на лыжах. І трэба ж так патрапіць, каб менавіта ў гэтую ноч упершыню за 10 гадоў было мінус 27. Мы былі падрыхтаваныя – ніхто не захварэў, усім было цёпла.

– З якога ўзросту дзяцей можна браць з сабой у вандроўкі?

– З любога. Ёсць турысты, якія бяруць з сабой немаўлятак. З імі, вядома, далёка і надоўга не пойдзеш, але тым не менш. Чым дзеці старэйшыя, тым прасцей – яны пачынаюць самі сябе абслугоўваць.

Мая дачка Юлія ўпершыню адправілася ў паход у два гады. На тры дні. Гэта былі Блакітныя азёры. Увесь час ішоў дождж. Да таго ж тады Блакітныя азёры былі не такія культурныя: там, дзе цяпер праязджаюць на машынах, трэба было ледзьве не на пузе прапаўзаць.

– Цяжка было ў такіх умовах з малой?

– Было вельмі цікава. Ішлі неяк у дзве гадзіны ночы – дождж, сцежак не відаць, дачка стомленая сядзіць на плячах і пытаецца: “Тата, а калі мы пабудуем наш домік, у якім будзем спаць?”

Калі ты ведаеш, што дзіця апранутае па надвор’і, у дождж схаванае пад накідкай, то не трэба нічога баяцца.

Увогуле дзеці на прыродзе – гэта казка. У тры гады мы з дачкой сплаўляліся на гумовай лодцы да Смаргоні. Яна была адзіным дзіцем – сама з сабой гуляла. Мы збіраем дровы. Юля падышла да старога вогнішча, пакалупала попел. Пасля сабрала ў прыгаршчы, узняла крыху ўверх, высыпала – шшшух. Другі раз падняла вышэй. На трэці сабрала поўныя-поўныя прыгаршчы і высыпала над сабой…

Вядома, чыстым дзіця ў паходзе не застанецца. Але ж мы ведаем прынцып: калі вы адпусцілі малое пагуляць на вуліцу, а яно праз дзве гадзіны вярнулася чыстым – Ваша дзіця хворае.

– Ваша дачка не стала прафесійным турыстам, інструктарам?

– Не, яна працуе ў Нацыянальнай бібліятэцы. Увогуле такая мэта не ставілася ні для яе, ні для дзяцей, якія з’яўляюцца сябрамі турклуба “Чарапашкі”. Мэта – навучыць жыць у калектыве, каб яны ўмелі наладжваць кантакты, не канфліктавалі і адчувалі сябе нармальна ў грамадстве. Лакальны калектыў вырашае такія задачы за кароткі час. У ім праходзіць міні-жыццё. І дзеці, якія закончылі школу, сталі студэнтамі ці навучэнцамі, просяцца, каб іх зноў узялі ў паход. Бо яны жывуць ад вандроўкі да вандроўкі. А для малых дзяцей гэта настолькі важна, што нават адзін паход яны будуць успамінаць і праз 20, і праз 40 гадоў. І тым, хто не пайшоў па інтэлектуальным шляху, будзе што паказаць сябрам. Магчыма, яны паглядзяць на яго, як на дзівака. Але і пазайздросцяць: яны не змаглі, а ён змог. Вядома, заслуга падлетка ў гэтым невялікая: не адзін хадзіў – яго вадзілі. І ў той жа час ён адрозніваецца ад астатніх, і гэта не дае яму скаціцца, апусціцца ўніз. Зрэшты, дзеці, якія займаюцца турызмам больш за два гады, звычайна паступаюць у ВНУ. Прамой сувязі паступлення з турклубам нібыта няма – я ж не рыхтую іх па літаратуры ці па гісторыі. Тым не менш заканамернасць такая ёсць.

Так што задача не ў тым, каб падрыхтаваць турінструктараў. Турызм – лад жыцця. Некаторыя, праўда, называюць гэта хваробай.

Але каб вы ведалі, як прыемна дарыць людзям прыгажосць!

Святлана ЦІШКО.

Больш аб Міхаіле Петухе и яго рабоце:

Даведка  “РГ”

Не толькі турысты, але і фотавідэамастакі

На Тышкевіцкіх чытаннях

“Карпаты хочацца абняць”

Краязнаўцы-воднікі памахалі Літве рукой

Маршрут па Вяллі сёлета скараціўся

Відэафільм “Экспедыцыя памяці І сусветнай вайны”. Аўтар Міхаіл Петух.