Гартаючы свае малюнкі для школкі за апошні год, заўважыў, што не расказаў пра лапці, асноўны сялянскі абутак для працы.

Да пачатку ХХ стагоддзя ў іх не толькі працавалі, але хадзілі ў царкву, у госці, ездзілі на кірмаш, танцавалі на вяселлях і вечарынках.

Многа год таму назад, ужо ў горадзе, знайшоў у бацькавай майстэрні недаплеценыя лапці, што мяне крыху здзівіла. Гагарын у той час ужо пабываў у космасе. Аказалася, тыя лапці пачаў плесці яшчэ мой дзед Грышка, але не паспеў скончыць. І бацька, пераязджаючы ў горад, забраў іх, як памяць, з сабой.

Бацьку ў дзяцінстве і юнацтве самому давялося папрацаваць у лапцях, і ён расказваў, што памятаў. У іх сям’і кожны з дзяцей меў скураны абутак. Тым не менш у лес у грыбы выпраўлялі ў лапцях, бо хадзіць даводзілася доўга, а лягчэйшага і выгаднейшага абутку за лапці не было. Яшчэ гэта быў незаменны абутак для сенакосу. Лапці, праўда, хутка намакалі. Але вада з іх сцякала таксама хутка. Высыхаючы, яны заставаліся лёгкімі, што было вельмі важна для такой цяжкай і доўгай працы.

Маёй добрай знаёмай, супрацоўніцы Ві­лейскага краязнаўчага музея Алене Стрэж, пры правядзенні вясельных абрадаў не раз даводзілася абуваць лапці. “Лапці – ёмкі, выгадны, спрытны абутак, – кажа яна, – нагам прасторна, нідзе не цісне, хадзіць лёгка, нібы на крылах ляціш. Нават шкада было здымаць”.

Пляценне лапцяў – даволі доўгі і складаны працэс. Сыравінай для іх была ў нашых продкаў кара з маладых дрэў або галін ліпы. Кару абдзіралі ў маі ці ў пачатку чэрвеня, пакуль яна яшчэ не прысохла да дрэва і лёгка “сходзіла”, бо трэба было, каб матэрыял заставаўся суцэльным. Лапці можна было плесці адразу, але часцей абдзёртую кару скручвалі і вешалі ў клеці або клалі на гарышчы, каб да зімы падсохла. У кожнай сялянскай сям’і быў даволі значны запас лыка ў любую пару.

Зімой, калі вольнага часу па гаспадарцы было больш, наладжваўся выраб абутку. З кары, якая адляжалася і падсохла, лапці атрымліваліся нашмат мацнейшыя, што важна для сялянскай працы. Сухую кару распарвалі кіпенем, яна станавілася мяккай, прыгоднай для апрацоўкі.

У нашым рэгіёне быў спосаб прамога пляцення, бо абутак рыхтавалі для працы. Лапці плялі накрыж, карыстаючы­ся прыладай з дрэва або кос­ткі ў выглядзе востра­канечнай лапа­тач­кі. Па­­дэшва выпля­та­ла­ся поўнасцю, а верх у за­лежнасці ад тыпу абутку. Бакі за­канч­ва­лі­ся лы­кавымі пе­тля­мі-вуш­камі. Праз вуш­кі працягвалі абору – са­ма­робны шнурок з ільнянога валакна. Каб абора была мацнейшая, нярэдка ўпляталі ў яе валоссе з конскага хваста. Падэшвы падпляталіся яшчэ раз лыкам або падшываліся скурай ці моцным палатном. Новыя лапці трэба было адразу ж “расхадзіць”, каб набралі адпаведную форму і ўлягліся на нагу, пакуль не высахла лыка. Лапці пляліся кожнаму асабіста.

Абуць лапці таксама трэба было ўмець. Абору ўцягвалі ў вушкі так, каб яе канцы выходзілі на пяту, а потым кожны канец уцягвалі накрыж спераду ў сярэднія, наймацнейшыя вушкі. Атрымлівалася падвойная пятля для раўнамернага прымацавання лапця на назе. Лапці абувалі на нагу, абвітую анучай. Летам карысталіся лёгкай палатнянай. Зімой трэба было захінуць нагу спачатку ў цёплую і мяккую суконку, а потым у анучу з самаробнага палатна. Спосаб закручвання патрабаваў умеласці: суконку пачыналі закручваць з пальцаў і заканчвалі на шчыкалатцы. Потым наверх круцілі доўгую палатнянку, пачынаючы ад калена і канчаючы на пальцах так, каб канец яе трымаўся пад пальцамі ў лапці. Усадзіўшы абвітую нагу ў лапаць, сцягвалі абору і спляталі яе накрыж уверх да калена і завязвалі.

Хоць і былі лапці абуткам лёгкім, універ­сальным, але не вельмі трывалым. Вандроўніку хапала пары толькі на сем-дзесяць кіламетраў, а зухаваты танцор, які не ленаваўся прытупваць, пару мог станцаваць за вечар.

Сёння пра лапці мы амаль што не ўспамінаем, але яны назаўжды застануцца часткай мінулага жыцця нашых продкаў.

Дзядзька Капцюг з Вілейкі, красавік 2010 год.