Ужо ў суботу, 17 красавіка, ФК “Смаргонь” правядзе першую гульню сезона-2010 у першай лізе. Нашы землякі на стадыёне “Юнацтва” прымуць сталічны СКВІЧ. Таму на спарынг з “Маладзечнам” галоўны трэнер “Смаргоні” Генадзь Мардас выставіў амаль поўны асноўны састаў.

“Я яшчэ не да канца вызначыўся са складам каманды на гульню супраць СКВІЧа, – сказаў у інтэрв’ю “РГ” Генадзь Мардас, – але з “Маладзечнам” гуляла 80 працэнтаў асноўных футбалістаў”.

Гаспадары ў першым тайме двойчы пакрыўдзілі варатара гасцей Антона Шчэрбу. Па словах трэнера маладзечанцаў Віталя Казяка, абодва галы – хутчэй не заслуга саперніка, а вынік памылак вопытнага абаронцы Сяргея Дразда. У сітуацыях, калі трэба было згуляць прасцей, Сяргей спрабаваў захоўваць мяч, памыляўся, і ў выніку пасля першай паловы сустрэчы смаргонцы вялі 2:0.

У другім тайме падчас контратакі гаспадароў маладзечанцы памыліліся пры стварэнні штучнага афсайда. Ззаду затрымаўся Раман Шаўчэнка. Гэта стала прычынай трэцяга гола ў вароты гасцей – 3:0.

Гол прэстыжу “Маладзечна” правяло за хвіліну да заканчэння гульні. У сваёй штрафной пляцоўцы абаронцы “Смаргоні” негасцінна сустрэлі Сяргея Дараховіча. Пенальці дакладна рэалізаваў Уладзіслаў Касцюк – 3:1.

Наконт гульні ўвогуле трэнеры абедзвюх камандаў выказалі супрацьлеглыя меркаванні. Генадзь Мардас сказаў, што у цэлым яго гульцы глядзеліся нядрэнна. Былі рух, барацьба, настроенасць на перамогу. Адзінае, на што наракае Мардас, – недастатковаць практыкі гульняў на натуральным газоне. Два зборы, якія смаргонцы правялі ў Гродне, яны трэніраваліся і гулялі на штучных палях. Але галоўны трэнер спадзецца: у першых сустрэчах чэмпіянату каманда канчаткова прыстасуецца да натуральнай травы.

Якасцю гульні сваёй каманды засталіся задаволеныя таксама маладзечанскія трэнеры Аляксандр Гармаза і Віталь Казяк. Каманда добра кантралявала гульню ў цэнтры поля, нядрэнна чапляліся за мяч нападаючыя Аляксандр Грыхуцік і Антон Капцюг. Меў магчымасці забіць малады Яўген Буруноў, які выйшаў на замену.

Па словах Віталя Казяка, смаргонцы гулялі прасцей. Лічы, без паўабароны. Абаронцы проста закідвалі мяч наперад, і там ужо нападаючыя змагаліся за яго. Акрамя тых момантаў, у якіх былі забітыя галы, гаспадары нічога не стварылі. Ды можна сказаць, што і гэтыя тры моманты маладзечанскія абаронцы “прывезлі” сабе самі.

“Мы сябруем са смаргонцамі і нікога не хочам пакрыўдзіць, але нам здаецца, што іх камандзе будзе вельмі цяжка ў гэтым сезоне, – кажа Віталь Казяк. – Бачна, што ў іх шмат праблем – і фінансавых, і арганізацыйных. Мяркую, пра выхад назад у вышэйшую лігу сёлета і гаворкі быць не можа. Хаця, паверце, я вельмі хачу памыліцца. Зрэшты, што гаварыць пра “Смаргонь”? Хіба ў нашай каманды тых праблем менш?..”.

Сяргей ЗЯНЬКО.