Першага верасня дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж гасцінна адчыніць дзверы для новых юнакоў і дзяўчат, запрашаючы на свой першы званок.
Майстры вытворчага навучання і выкладчыкі цяпер спрабуюць зрабіць прагноз, а якімі ж яны будуць, гэтыя новыя навучэнцы. За гады існавання каледжа тут вучылася амаль 40 тысяч чалавек, сярод іх – шмат вядомых у горадзе і далёка за яго межамі людзей. Некаторыя з былых выпускнікоў, атры­маўшы вышэйшую адукацыю, прыйшлі сюды працаваць. Многія засталіся назаўсёды вер­ны­мі абранай прафесіі. У іх працоўных кніжках толькі адзін запіс, як сведка вялікай пры­хільнасці да любімай пра­цы. Гэта намеснік ды­рэктара па вучэбна-вы­творчай рабоце Анатоль Салецкі, гэта Леанід Баслык, Тамара Белакапытава, Ларыса Ма­слоўская, Аляксандр Паўлоўскі, Святлана Сакольская, Сяргей Фі­ліпаў, Святлана Сянь­ко… Усяго каля 40 чалавек.

Нам ёсць чым і кім ганарыцца. А сёлетні год з’яўляецца асабліва важным і прыкметным. Па-першае, новы год мы сустрэлі ў новым статусе. Былы ліцэй стаў дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжам. Цяпер гэта не проста навучальная ўстанова, а цэнтр інавацыйнага развіцця, творчая лабараторыя, дзе выкарыстоўваюцца новыя сучасныя тэхнало­гіі ў адукацыйным і выхаваўчым працэсе. У саміх жа навучэнцаў з’явілася магчымасць атрымліваць сярэднюю спецыяльную адукацыю.

Па-другое, на базе нашага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа створанае адасобленае падраздзяленне вытворчага навучання – рэсурсны цэнтр для забеспячэння бесперапыннай паслядоўнай прафесійнай адукацыі і перападрыхтоўкі пра­фесійных кадраў рэгіё­на. У канцы сакавіка рэ­сурсны цэнтр прымаў гасцей. Тут праходзіў абласны этап конкурсу “Майстар года”. Самае сучаснае абсталяванне ў майстэрнях, выкарыстанне інавацыйных тэхналогій дазволілі на высокім узроўні арганізаваць гэта важнае мерапрыемства.

Па-трэцяе, у гэтым го­дзе спаўняецца 20 гадоў партнёрскім сувязям, цеснаму супрацоўніцтву і сяброўства са школамі імя Кэтэ Кольвіц і Фрыдрых Эберт з нямецкага горада Эслінген. Ні кожная навучальная ўстанова можа сёння накіраваць навучэнцаў і супрацоўнікаў за мяжу для вывучэння перадавога вопыту. Вялікая заслуга належыць у гэтым каардынатару партнёрскіх сувязяў Ана­толю Войнічу.

Таксама трэба адзначыць зладжаную работу ў гэтым навучальным го­дзе і кафедры фізічнага выхавання, у першую чаргу выкладчыкаў Пятра Ракіцкага, Івана Зянько, Мікалая Пага­рэлава, Таццяны Лісо­ты. Удзел у абласных і рэспубліканскіх спабор­ніцтвах іх навучэнцаў прынёс нямала перамог.

Наперадзе вялікія планы, шмат цікавага і важнага. “Мы адкрываем новыя спецыяльнасці, ствараем новыя магчымасці для навучання і правя­дзення вольнага часу. У юнакоў і дзяўчат, якія навучаюцца па спецыяльнасцях грамадзянска-будаўнічага аддзялення і швейнага накірункаў з’явілася магчымасць атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю”, – зазначае дырэктар кале­джа Уладзімір Жаўток.

Наталля СЯНЬКО, выкладчыца грамадскіх дысцыплін Маладзечанскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа.