Не ведаю, як для вас, а для мяне аўторак быў сумны. Увесь час успамінала сваіх: бацьку, бабуляў, дзядоў, сваякоў.
Кожнаму з іх быў адведзены на зямлі свой час. Зорка жыцця бацькі закацілася больш за 20 гадоў таму, дзядзька, родны брат маёй маці, памёр нядаўна. А калі пачынала думаць пра іх, то дзесьці там, унутры, балела аднолькава. Бо і адзін, і другі маглі б яшчэ жыць і жыць.

Дваюраднай маёй сястры Тані таксама было рана класціся ў зямлю пасля сарака. І мужаваму брату, з дня смерці якога 15 красавіка споўніўся год, таксама. Толькі, як казала калісьці бабуля, кожнаму свой час. Прыйдзе – не адкупішся, не адпросішся.

“Я сёння ўвесь дзень думала пра нас, людзей, – тэлефануе мне вечарам сястра. – І прыйшла да высновы, што чалавек мужны. Мы ж усе ведаем, што не будзем жыць вечна. Ведаем, чым усё скончыцца. І ўсё адно працуем, садзім сады і будуем дамы”. “Не думай пра гэта, – кажу ёй, – проста жыві, займайся любімай справай”. “Ты ведаеш, – прапануе яна, – я думаю, што трэба сфатаграфаваць магілы нашых продкаў. Ці намаляваць які-небудзь невялічкі план. Каб дзеці ведалі, дзе ляжаць іх прадзеды. Не стане нас, хто ім пакажа і раскажа. А так, прыедуць хоць раз у год, прыбяруць, кветку паставяць”.

Слухаю яе, не перабіваю. Што тут скажаш, калі сама ў панядзелак упершыню даведалася, дзе ляжаць мае прадзед і прапра­дзед. Дарэчы, ад яе, ад Ленкі, якая вясковыя могілкі ведае, як свае пяць пальцаў. Колькі разоў я праходзіла міма гэтых магіл. Прозвішча на помніку ні пра што не казала. У нашай вёсцы шмат Станкевічаў. І я думала, што гэта проста цёзкі па прозвішчы.

“Памяць аб сваім родзе і ўшанаванне яго продкаў – гэта характэрная святая повязь многіх і многіх пакаленняў, якая спрадвеку захавалася ў нашым народзе як нешта пачэснае і дарагое. Памяць аб продках – гэта яшчэ і своеасаблівы вусны летапіс свайго роду, які перадаваўся ад пакалення пакаленню, ад старэйшых малодшым, які сцвярджаў жыццё і вучыў жыццю. І ў гэтым родавым летапісе ніхто і ніколі не застаецца незаўважаным і не знікае бясследна, незалежна ад таго, добрую ці дрэнную памяць пра сябе пакідае чалавек. Так было з нашымі папярэднікамі, так будзе і з намі”. Такую выснову ў сваёй кнізе “З крыніц спрадвечных”, расказваючы пра Радаўніцу, робіць кандыдат філалагічных навук Уладзімір Сысоў. Гледзячы на тое, як прыбіраюцца, прыхарошваюцца напярэдадні свята могілкі, цяжка з ім не пагадзіцца.

З усіх куточкаў Беларусі з’язджаюцца, злятаюцца сюды людзі, каб аддаць павагу сваім родным. “На выхадныя ездзілі з мужам на Гомельшчыну, – расказвае знаёмая. – Узялі бацьку, які ўжо шмат гадоў жыве ў сястры ў горадзе, наведаліся ў сваю вёску на могілкі. Не магу сказаць, колькі часу хадзіў ён ад магілы да магілы. З многімі гаварыў, вітаўся. Муж папрасіў, каб не прыспешвала яго. Там жа ўжо амаль уся вёска ляжыць. Маўляў, хай праведае”.

Існуе павер’е, што адзін толькі раз у год, менавіта на Радаўніцу, пакойнікі маюць магчымасць убачыць тых, хто да іх прыйшоў. Думаю, яны рады былі бачыць дзядзьку Валодзю. Шчырага, добрага чалавека, які жыў з імі адной сям’яй.

Марына СЛІЖ.