Рамонт корпуса політэхнічнага каледжа па вуліцы Машэрава, у якім у свой час размяшчаліся казармы польскіх вайскоўцаў, мяркуюць завяршыць да канца гэтага года – студзеня 2011-га.

Пра гэта ў інтэрв’ю “РГ” 19 красавіка расказаў Міхаіл Клокель, дырэктар політэхнічнага каледжа, якому належыць будынак.

Рамонт пачаўся напрыканцы 2009 года. На сённяшні дзень ужо практычна цалкам замененыя вокны, унутры зробленая перапланіроўка. Завяршаецца устаноўка крокваў – замест пляскатага даху будынак займее двухсхільны, крыты металачарапіцай. Засталося зрабіць унутраную аддзелку і так званую цеплавую рэабілітацыю – абшыць сцены ізаляцыйнымі плітамі.

Ад даты пабудовы – 1936 года – капітальнага рамонту тут не рабілі. Праектны кошт мадэрнізацыі будынка – каля 3,5 мільярда рублёў. Фінансуецца з рэспубліканскага бюджэту.

Яшчэ летась частку будынка арандаваў медыцынскі каледж, частку займаў жылы блок. Улетку, перад пачаткам новага навучальнага года, “медыкам” перадалі навучальны корпус па Вялікім Гасцінцы, 42. Гаспадаром будынка па вуліцы Машэрава паводле рашэння Міністэрства адукацыі стаў політэхнічны каледж. Напярэдадні рамонту людзі, якія ў ім жылі, або атрымалі кватэры, або перасяліліся ў інтэрнат на Багдана Хмяльніцкага, каля рынку.

У адрамантаваным корпусе будуць вучыцца на тэхнікаў-будаўнікоў – новую спецыяльнасць “прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” ў каледжы адкрылі летась. Выпускнікі становяцца кіраўнікамі сярэдняга звяна – майстрамі, прарабамі, брыгадзірамі ўчастка. Акрамя таго, атрымоўваюць адну-дзве рабочыя спецыяльнасці на ўзроўні трэцяга-чацвертага разраду (вышэйшы – шосты). Летась, калі каледж рабіў першы набор, конкурс складаў 3,8 чалавека на месца. У адрамантаваным корпусе размесцяцца кабінеты, лабараторыі і камп’ютарныя класы, а таксама майстэрні для мулярскіх, цяслярскіх, тынковачных, сталярных работ.

Святлана ЦІШКО.