Канцэрт альтэрнатыўнай музыкі прайшоў 10 красавіка ў клубе “Магніт”. Яго арганізатарамі сталі ўдзельнікі групы “Ann Core” Раман Гарадзінскі і Аляксандр Цецін. Усе добра выступілі. Так сказаць, “адпалілі па поўнай”!

“Падарваная” зала.

Карэспандэнт моладзевай рэдакцыі “РГ” пагутарыла з удзельнікамі гуртоў і арганізатарамі.

Нашы першыя пытанні – Аляксандру Цеціну

– Аляксандр, як, на вашу думку, прайшоў канцэрт?

– На мой погляд, канцэрт прайшоў вельмі ўдала, бо кожны ахвотны змог прыйсці і ўбачыць, паўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве. Я рады, што з кожным канцэртам прыходзяць усё новыя і новыя слухачы. Гэта дазваляе развівацца альтэрнатыўнай музыцы.

– Назва канцэрта “Burning coctail”. Чаму менавіта такая назва?

– “Burning coctail” у перакладзе з англійскай мовы – “Пякучы кактэйль” Гэта значыць – неардынарнае змешванне стыляў і накірункаў музыкі. На гэтым канцэрце мы паспрабавалі змяшаць такія стылі, як постграндж, трэш, індзі, метал кор, панк. І я думаю, у нас гэта выдатна атрамалася, людзям такі эксперымент спадабаўся.

– Каротка ахарактарызуйце групы-ўдзельніцы.

– “Enclave” – даволі якасны трэш, з нядрэнным музычным матэрыялам. “My Senseless Name” – малады калектыў, які імкнецца заняць сваю нішу на музычнай ніве. “Рэактар” – у сярэдзіне 1990-х кожны падлетак ведаў гэты гурт. І цяпер яны іграюць весела і па-забіяцку. ”Frances farmer” – у гэтых музыкантаў усё яшчэ наперадзе. Для іх гэты канцэрт – добрая магчымасць сыграць са знакамітымі групамі, адчуць сцэну і, вядома ж, паказаць сябе.

“Happy face” – з гэтай камандай мяне звязвае шмат агульнага. Фронтмэн групы Аляксей – мой брат, а барабаншчык Леанід – мой добры сябар і экс-барабаншчык групы “Ann Core”. “Happy face”, на мой погляд, на гэтым канцэрце быў лепшым. У музычным плане ў іх усё ў парадку.

– Якія вашы планы на будучыню?

– Я і мой калега Раман Гарадзінскі збіраемся яшчэ не раз арганізоўваць добры канцэрт і паказваць маладзечанцам увесь спектр альтэрнатыўнага руху.

Гутарка з групамі

– Як вам публіка?

“Happy face”: Як ніколі было шмат людзей. Публіка выдатна сустрэла нас і нястомна “запальвала” пад нашы кампазіцыі, кампазіцыі іншых музыкаў. Я думаю, адыграў немалую ролю дзень правядзення канцэрта – субота, ды да таго ж квіткі былі таннейшыя, чым звычайна.

“Enclave”: Публіка вельмі спадабалася. Ды і людзей было больш.

“My Senseless Name”: Вядома ж, спадабалася. Падтрымка была цудоўная. Нас падтрымлівалі не толькі знаёмыя, сябры і сяброўкі, якіх на канцэрце было шмат, але таксама і незнаёмыя людзі, якія ўпершыню пазнаёміліся з нашай творчасцю.

“Рэактар”: Выдатныя людзі сабраліся на гэтым канцэрце. І яны не маглі нам не спадабацца, улічваючы тое, як нас падтрымлівалі. Гэта выдатна, калі ты атрымліваеш адзнаку, годную тваёй творчасці. Для нас самае галоўнае – наша публіка.

“Frances farmer”: Надта спадабалася. Пабольш бы канцэртаў з такой выдатнай публікай.

– Не маглі б вы распавесці пра творчыя планы?

“Happy face”: Творчых планаў безліч. Цяпер мы дапісваем альбом, які, я думаю, выйдзе не раней верасня. Таксама мы плануем зняць кліп і запісаць сумесную песню з адной з папулярных беларускіх зорак.

“Enclave”: У хуткім часе мы збіраемся запісаць альбом. Безумоўна, колькасць музычнага матэрыялу з цягам часу папаўняецца. Плануем правесці туры па гарадах Беларусі і блізкага замежжа.

“My Senseless Name”: Збіраемся запісаць песню. 18 мая выступаем на канцэрце ў Вілейцы. Плануем не стаяць на месцы, а працаваць і развівацца.

“Рэактар”: У нас, вядома ж, мноства творчых планаў. Цяпер мы працуем над распрацоўкай новага матэрыялу, які будзе яшчэ лепш за ранейшы.

“Frances farmer”: Планаў шмат. Мы вырашылі памяняць стыль нашай музыкі, мадэрнізаваць яго. Вось шукаем клавішніка. Хочам запісаць дэма-матэрыял.

Гутарыла Ксюша ГРАМАЦІНА, моладзевая рэдакцыя “РГ”.

Фота Ксюшы ГРАМАЦІНАЙ.