Зала ўзарвалася апладысментамі, і на сцэну выйшла прыгожая дзяўчына ў чырвонай сукенцы. І праўду кажуць, што родная сцэна – гэта самая ветлівая сцэна. У цэнтры дзіцячай творчасці “Маладзік” 15 красавіка з творчым вечарам выступіла наша таленавітая зямлячка, якая цяпер жыве ў Мінску, бард Таццяна Беланогая.

Былую вучаніцу гімназіі № 6 маладзечанцы ведаюць як адну з надзвычайных бардаў-выканаўцаў, таму прыхільнікаў яе творчасці сабралася ў зале нямала. Гэта не толькі моладзь з навучальных устаноў, але і дарослыя, у якіх ужо ёсць свая сям’я, праца, але якія сэрцам адданыя гэтаму рамантычнаму жанру музыкі.

Вечарына была надзвычай дзіўная. Выконвала Таццяна не толькі песні на вершы вядомых беларускіх паэтаў, напрыклад, Яўгенія Янішчыц, але і свае. Ад 2004 года пабачылі свет яе тры альбомы – “Там, дзе мы” (2004), “Пабачыць свет” (2006) і “Двухкроп’е” (2008).

Публіка так надзвычай усхвалявана слухала песні “Пакахай мяне”, “Метро”, “Балюча”, што многія ў зале нават заплакалі. І не дзіўна. Таццяна выконвае кожную песню па-рознаму, як новую гісторыю, а яе звонкі голас назаўсёды застаецца ў глыбіні сэрца, кранае ў кожнага слухача нябачныя струны душы.

Але асабліва падабаецца слухаць песні на роднай мове. Такіх выканаўцаў трэба падтрымліваць. Сёння шмат дзяўчат і хлопцаў спяваюць песні на рускай і англійскай мовах, не спяваючы на роднай, беларускай. А пасля канцэрта Таццяны Беланогай нараджаецца думка: ніякая мова так шчыра не можа паказаць усю прыгажосць песні. А таксама ў яе есць свой, самабытны характар, які ярка раскрываецца пад гукі гітары…

Таццяна таксама паміж песнямі распаўсюджвала свае дыскі. А калі дыскі скончыліся, тым, каму не пашанцавала іх набыць, спявачка падарыла паштоўкі са сваімі малюнкамі. Таццяна расказала, што ёй падабаецца маляваць, таму ў свабодны ад творчасці час яна бярэ ў рукі пэндзаль.

Малюнак “Каханне- адно вока на дваіх”.

Малюнак  “Дзяўчына-месяц-матылек”.

Пасля заканчэння канцэрта маладзечанскі бард раздавала аўтографы, а таксама падзялілася планамі на будучыню. Так, 20 мая ў Мінску пройдзе паэтычна-акустычны канцэрт “Рыфмы і рыфмы”, дзе акрамя яе выступяць яшчэ два барды – Юры Несцярэнка і Віктар Шалкевіч.

Але ёсць у дзяўчыны яшчэ адна мара: выпусціць свой чацверты альбом, песні для якога ўжо напісаныя.

Аксана ЕЛЬЯШЭВІЧ, моладзевая рэдакцыя “РГ”.

Фота bielanohaja.org.