Свае навучальныя ўстановы яны закончаць толькі праз два месяцы. Але ў час абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства хлопцы-муляры працавалі на рэальным аб’екце. За шэсць гадзін яны павінны былі пакласці адзін кубаметр сцяны.

Абласны конкурс прафесійнага майстэрства навучэнцаў праходзіў у Маладзечне з аўторка па чацвер.

Спаборнічалі 24 хлопцы, якія вучацца на муляраў у прафесійна-тэхнічных каледжах і ліцэях Маладзечна, Жодзіна, Клецка, Слуцка, Салігорска, Барысава, Чэрвеня, Дзяржынска.

Праграма конкурсу складалася з трох заданняў. У першы дзень каманды прадстаўлялі свае візітныя карткі. Першае месца журы прысудзіла Маладзечанскаму прафесійна-тэхнічнаму каледжу. Другое – Салігорскаму  будаўнічаму ліцэю. Трэція – Чэрвеньскаму і Барысаўскаму будаўнічым ліцэям.

Практычная частка адбылася 21 красавіка. Пляцоўку для конкурсу прапанавала “Забудова Буд”. За сцяной такую самую работу такімі самымі кельмамі выконвалі дарослыя будаўнікі.

“Заданне адпавядае ўзроўню чацвертага разраду муляра, – патлумачыла ў інтэрв’ю “РГ” начальнік аддзела Мінскага абласнога вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Хамякова. – Гэтыя хлопцы праз два месяцы закончаць свае ўстановы і пойдуць працаваць. Іх вучылі тры гады, і на будаўніцтве падчас практыкі яны працавалі не адзін месяц. Так што сапсаваць гэты жылы дом яны не могуць. Ды і мы ж будзем сачыць”.

Журы ацэньвала і колькасць зробленага, і якасць, а таксама выкананне правілаў аховы працы і арганізацыю рабочага месца. У камандным заліку таксама перамог Маладзечанскі прафтэхкаледж.

Практычная частка конкурсу яшчэ не пачалася. Ідзе падрыхтоўка.

 

 

 

Сігнал ад арганізатараў. Час пачынаць спаборніцтвы.

 

 

У “групы падтрымкі” вясновы настрой.

 

 

 

 

 

 

 

 

Прафесіяналы-настаўнікі уважліва сочаць за ходам спаборніцтва.

 

 

 

 

 

У апошні дзень навучэнцы праходзілі тэарэтычны тур – 100 пытанняў па матэрыялазнаўстве, ахове працы, чарчэнні і спецтэхналогіі. Калі газета рыхтавалася да друку, канчатковыя вынікі і імёны прызёраў яшчэ не былі вядомыя.

Прыз пераможцу абласнога конкурсу – права без экзаменаў паступаць у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы на адпаведную спецыяльнасць.

Конкурс прафесійнага майстэрства праходзіць штогод. Але прафесіі мяняюцца. Мінулы конкурс муляраў адбыўся пяць гадоў таму. Пераможцам абласнога і рэспубліканскага тураў стаў Уладзімір Эгліс з Маладзечанскага раёна. Цяпер ён працуе прарабам у ПМК-212.


Святлана ЦІШКО, фота Аляксандра МАНЦЭВІЧА.