Убачыўшы, з якой зацікаўленасцю адгукнуліся чытачы “Рэгіянальнай газеты” на незаслужана забытую тэму былога сялянскага абутку, вырашыў прадоўжыць.

Гэта тэма даволі падрабязна разгледжаная ў навуковай літаратуры, а ў папулярных выданнях амаль нічога няма. Паспрабую хоць крыху запоўніць прабел.

На тэрыторыі сённяшняй Беларусі лапці, як ні адзін іншы элемент адзення селяніна, мелі самыя розныя назвы: кавярзні, пасталы, пахрасні, вязнікі, кры­ставікі, пахлапні, бяс­пятнікі і іншыя. У ас­ноўным назва залежала ад спосабу вырабу, матэрыялу і знешняй формы.

У адрозненне ад лапцяў прамога пляцення – для працы, лапці касога пляцення былі святочным абуткам. Як адзначаюць даследчыкі, яны былі запазычаныя ў расійскіх сялян і іх распаўсюджанне, пераважна ва ўсходніх раёнах Беларусі, было звязанае з рассяленнем там старавераў, пасля таго, як Масква пажадала стаць трэцім Рымам.

Лапці касога пляцення – пахлапні, пахрасні – былі з глыбокімі круг­лымі насамі, высокімі запяткамі і бакамі. Пляліся з вузкіх палосак, каля аднаго сантыметра, з якіх спачатку здымалі кару. Палоскі ачышчаных лыкаў у пахлапнях шчыльна падганяліся адна да другой. На іх выраб патрабавалася амаль у два разы больш лыка, чым на лапці прамога пляцення. Плялі такія лапці на драўлянай калодцы з круглым наском, якая рабілася па памеры нагі, з дапамогай тых жа прылад, якія ўжываліся пры вырабе звычайных лапцяў. Падэшву падпляталі вітушкамі пянькі або тонкімі вяровачкамі. Такія лапці часта насіліся сялянамі па некалькі гадоў, бо былі толькі святочным абуткам.

Паколькі выраб пахлапнёў быў куды больш складаны, патрабаваў спецыяльных ведаў і навыкаў, іх рабілі звычайна сяляне-рамеснікі і збывалі на кірмашах. Каштавалі пахлапні намнога даражэй за звычайныя лапці.

Разам з плеценымі лапцямі ў некаторых рэгіёнах былі распаўсюджаныя скураныя. Шырокі ўжытак яны мелі толькі там, дзе рэдка сустракалася ліпа, і ў местачкоўцаў. Сяляне лічылі больш мэтазгодным выкарыстоўваць сырамятную скуру на конскую збрую і іншыя патрэбы гаспадаркі.

Разам з агульнай назвай скураныя лапці называліся паршні, пасталы, хадакі, маршчакі. На іх выраб часцей за ўсё ішла сырамятная скура ялаўкі або цяляці.

Скураныя лапці былі двух відаў. Адны рабіліся з кавалка скуры авальнай формы. Даўжыня і шырыня нарыхтоўкі адпавядала памеру ступні з прыпускам на бакі, заднік і насок, а па краях рабілі дзірачкі для працягвання абор або тонкіх раменьчыкаў. Такія лапці насілі, як і звычайныя, з аборамі, закручанымі накрыж на галёнцы паверх анучы.

Другія былі больш дасканалыя, накшталт мяккіх туфель, і карысталіся асаблівай папулярнасцю ў местачкоўцаў. Іх рабілі з двух кавалкаў скуры. Насок і заднік сшывалі пасярэдзіне, па баках рабілі адтуліны ці вушкі для прасоўвання раменьчыкаў, якія сцягвалі нагу на пад’ёме, нярэдка абутак упрыгожвалі вышыўкай.

У той час, як на захадзе Еўропы сяляне насілі на нагах драўляныя хадакі, цяжкія і нязручныя, нашы продкі хадзілі ў лёгкіх і ёмкіх лапцях. Гэта сведчыць, на маю думку, не аб адсталасці нашых сялян, а наадварот, аб іх здольнасцях, вынаходлівасці і кемлівасці. Нездарма існавала такая прымаўка, што селянін залазіў на ліпу босы, а злазіў абуты.

І заканчваю гэту тэму ўрыўкам з верша славутага песняра беларускага народа Янкі Купалы. Вось як ён пісаў пра гэты просты сялянскі абутак:

Не праклінайце

Лапцяў ліповых,

Не пагарджайце

Лапцяў лазовых.

З імі шануйце

Цяжкую працу –

Лапатнік корміць

Пана з палацу.

З часам жа лапці –

Гаю, ой гаю!

Выпрэ дастатак

З нашага краю.

Людзі абуюць

Боты, камашы:

Прыдзе загуба

На лапці нашы.

Дзядзька КАПЦЮГ,

з дапамогай Алёны СТРЭЖ – навуковага супрацоўніка Вілейскага краязнаўчага музея.