“Няхай жыве наша родная Чырвоная Армія, магутны аплот мірнай працы народаў Совецкага Союза, сапраўдны вартавы заваёваў Вялікай Кастрычніцкай Соцыялістычнай Рэволюцыі!”

Транспарант з гэтымі словамі трымаюць прызыўнікі на прызыўным пункце раённага ваенкамата 26 верасня 1940 года ў Куранцы.

Гэты здымак дайшоў да нас дзякуючы Івану Рыгоравічу Капцюгу з вёскі Урэчча (стаіць другім ўлева ад правага дрэўка транспаранта). Ён захаваў гэты здымак для нашчадкаў. Івана Рыгоравіча ўжо няма з намі. Але здымак перадаў у рэдакцыю яго сын Анатоль – аўтар рубрыкі “Школка дзядзькі Капцюга”.

Дзядзька Анатоль кажа, што цяпер не ведае, чаму яго бацьку так і не прызвалі ў войска ў 40-м ці 41-м: “Магчыма, хапала і маладзейшых. Яго, дваццаціпяцігадовага, не захацелі. Але ж у 44-м яго мабілізавалі адразу пасля вызвалення Вілейшчыны”.

Збор у Куранцы праходзіў урачыста. Тут і гармонік, і скрыпка. Большасць юнакоў нацягнулі на сябе боты, што было, трэба меркаваць, адзнакай нейкага дабрабыту .

– Вочы прызыўнікоў яшчэ нічога не гавораць пра будучыню, – заўважае Анатоль Капцюг. – Толькі скрыпач, мясцовы яўрэй, ужо ведае, што чакае яго народ. Столькі суму і разгубленасці ў яго вачах.

Уяўляю сённяшніх брытагаловых прызыўнікоў, параўноўваючы іх з тымі, саракавых гадоў. Тады амаль усе (акрамя аднаго) ў прамым сэнсе пагалоўна апранулі шапкі. Так загадала ваеннае начальства ці тагачасная мода або культура паводзін патрабавала?

Крайняя справа з шалікам на плячах стаіць адзіная ў натоўпе дзяўчына. Хутчэй за ўсё – камсамольская актывістка. Наўрад ці сястру якога прызыўніка дапусцяць у гэты невыпадковы, усё ж прапагандысцкі здымак.

Цікаўныя зазіраюць у аб’ектыў фотакамеры, адхінуўшы фіранкі на акне. Пра нешта думаюць афіцэры-вайскоўцы. Можа, пра свае родныя вёскі на Яраслаўшчыне ці пакінутыя станкі на Жданаўскім ў Ленінградзе, ці блізкіх і родных, каханых.

Ужо год як ідзе Другая сусветная. Браты і бацькі кагосьці з прызыўнікоў ужо ваююць з фашызмам у шэрагах Польскіх узброеных сілаў на Захадзе ці спачываюць у брацкіх магілах па шляху з турмы ў Вілейцы ў Разань або ў Катыні… Уздымаецца дым з коміна крэматорыя ў Бухенвальдзе. Хто з іх дажыве да светлага дня 9 мая 1945 года?

Больш якасны здымак тут.

Мікола ГАЙДУК.