Да 24 гадавіны аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, “Рэгіянальная газета” вырашыла высветліць, якія месцы ў лясах нашага рэгіёна дагэтуль застаюцца забруджанымі. Сёння – пра лясы Маладзечанскага раёна.

 

У Маладзечанскім раёне з пяці лясніцтваў радыяцыйныя плямы пакуль застаюцца толькі ў Гарадоцкім, паведамілі “РГ” у лясгасе. Інжынер-радыёлаг Наталля Філістовіч прадставіла карту забруджанай тэрыторыі.

Паводле інфармацыі Наталлі Філістовіч, агульная плошча Маладзечанскага лясгаса складае 48,3 тысячы гектара. З іх забру­джана радыенуклідам цэзій-137 больш за 1 кюры на квадратны кіламетр 0,51 тысячы гектара, што складае 1,1 працэнта ад агульнай плошчы лясгаса. У тым ліку, ад 1 да 2 кюры на квадратны кіламетр – 0,37 тысячы гектара, ад 2 да 5 кюры на квадратны кіламетр – 0,14 тысячы гектара.

Сярэдняя шчыльнасць забруджання глебы па лясгасе складае 1,95 кюры на квадратны кіламетр.

Забруджанасць да 5 кюры лічыцца дапушчальнай. Тым не менш, напярэдадні сезона ягад і грыбоў нашы чытачы павінны ведаць, дзе дары лесу пажадана не збіраць. У наступных нумарах “РГ” мы плануем паказаць забру­джаныя месцы ў лясах іншых раёнаў нашага рэгіёна.

Аддзел інфармацыі.