На чэмпіянаце Еўропы па сутачным бегу ў Апельдорне, Галандыя. Яўген Рысік (№35), Алег Быкаў, Анатоль Лапуць, трэнер зборнай Рыгор Сушко, Мікалай Грыбаедаў.

Зборная Беларусі па сутачным бегу на чэмпіянаце Еўропы: Алег Быкаў, Яўген Рысік, Мікалай Грыбаедаў. Эльдэф, Францыя.

Яму, мантажніку-будаўніку, на спіну зваліўся брусок – пералом рэбраў і трэшчына пазваночніка. Боль быў пастаянным. Бальніца, дома на бальнічным, зноў бальніца – дактары не маглі дапамагчы, прапаноўвалі трэцюю групу інваліднасці. “Сказалі: шукай іншую работу, – успамінае Яўген Мікалаевіч. – Я не скарыўся. Чытаў шмат кніг, шукаў выйсце. Знайшоў “Бег дзеля жыцця” Гарта Гілмара. Пачаў бегаць – праз пару гадоў боль прайшоў”.

Так ад 1 мая 1982 года ён бегае практычна штодзень. Праз пяць гадоў рэгулярных заняткаў вырашыў пераадолець дыстанцыю 30 км. Праз восем гадоў, у ліпені 1990 года, прабег першы марафон – 42 кіламетры 195 метраў. “Спёка была – 28 градусаў. Я за тры кіламетры да фінішу зусім знясілеў”, – расказаў Яўген Мікалаевіч.

Яшчэ праз год, у 1991-м, ён пераадолеў першы звышмарафон – 61 км вакол возера Нарач. Неўзабаве яго ўключылі ў зборную каманду Беларусі для ўдзелу ў спаборніцтвах па сутачным бегу.

“Я пачынаю павольна: хто хутка бяжыць са старту, той хутка і “спыняецца”, – дзеліцца Яўген Рысік сакрэтам поспеху. – На чэмпіянаце Еўропы па сутачным бегу ў Галандыі пасля першых 100 км я быў 92-і. Ноччу добра беглася. У выніку заняў 27-е месца ў абсалютным заліку. Сярод сваіх аднагодкаў быў трэцім”.

За мяжой Яўген Рысік выступаў шмат: у Францыі, Галандыі, Бельгіі, Польшчы, Расіі… “Найчасцей – у Францыі, але там дарогі не вельмі, – расказаў Яўген Мікалаевіч. – Прыемней бегчы ў Галандыі. Якраз там я бег 100 км у добрай кампаніі і заняў другое месца ў абсалютным заліку. Вынік – 8 гадзін 34 хвіліны. Пераможцу прайграў дзве хвіліны”.

Удзельнічаў у міжнародных марафонах, у чэмпіянаце Еўропы і чэмпіянаце свету па сутачным бегу. Хацеў паехаць на прабег шматмесячны “Лісабон-Лондан”, траса якога пралягала праз усе еўрапейскія сталіцы. Быў у добрай форме, але стартавы ўзнос складаў 2 тысячы еўра, так што не атрымалася.

А вось на дамашніх, маладзечанскіх, спаборніцтвах ў бегу на 100 км у манежы не выступае. “Паспрабаваў раз, прабег за 7 гадзін 58 хвілін. (Ад рэд. – вынік пераможцы 2009 года Сяргея Гурло з Бабруйска – 8 гадзін 9 хвілін) Але ў манежы віражы крутыя – суставам цяжка. Таму я больш не ўдзельнічаў”, – патлумачыў Яўген Рысік.

Трэніруецца Яўген Рысік на гарадскім стадыёне – новым пакрыццём на дарожках вельмі задаволены. Праўда, вочы стамляюцца ад яркага колеру. У добрае надвор’е стараецца бегчы ў Бярозавы Гай (урочышча на поўдзень ад горада). Але на ўскраінах Маладзечна і каля вёсак сабакі замучваюць: брэшуць, кідаюцца пад ногі. “Даводзіцца бегаць з палкай, каб баяліся – некаторых бегуноў кусалі за ногі”, – расказвае Яўген Мікалаевіч.

Ад самага пачатку ён вядзе дзённікі трэніровак, запісвае самаадчуванне, умовы надвор’я, колькасць кіламетраў. Кіламетраж залежыць ад этапа падрыхтоўкі. Перад чэмпіянатам Еўропы па сутачным бегу атрымоўвалася да 975 км за месяц. Ён падлічвае не толькі марафоны і звышмарафоны, але і “малыя старты”, дыстанцыі ад 5 да 30 км – 93 разы бег на спаборніцтвах.

За 30 гадоў трэніровак і спаборніцтваў вывучыў методыку падрыхтоўкі, ведае і асаблівасці харчавання марафонца за некалькі месяцаў да спаборніцтваў і напярэдадні старту.

За гэты час у яго былі не толькі поспехі, але і траўмы каленяў, ікраножных мышцаў, задняй паверхні бядра.

“Навошта пераадольваць марафоны і звышмарафоны, калі Вы пачалі бегаць дзеля здароўя? Дзеля здароўя, можа, хопіць 5-10 км?” – пытаюся ў Яўгена Мікалаевіча.

“Можа, я максімаліст, не ведаю, – адказаў ён. – Ды мне ўжо і ў кайф: магу доўга бегчы – 30, 40 км”.

Так што асноўная яго дыстанцыя – марафон. “Пяцёрку” не любіць – вельмі хутка трэба бегчы.

Напрыканцы мая ў Францыі адбудзецца чэмпіянат Еўропы па сутачным бегу. Яўген Рысік на яго не паедзе – калена пабольвае. “Я так аднойчы правяраў сваю гатоўнасць да сутачнага бегу: на рынку якраз купіў мяшок цукру, 50 кг. Узваліў сабе на плячо – і подбегам на свой чацверты паверх. Нічога не балела – гатовы бегчы суткі. Калі б калена прастрэліла – не, траўма абавязкова скажацца. “Суткі” гэта ж не марафон. Паміж імі такая ж розніца, як паміж пяццю кіламетрамі і марафонам”.

Сям’я разумее яго захапленне. Быў час, калі жонка і дзве дачкі таксама бегалі. Калі жылі ў іншым мікрараёне, каля СШ №9, вакол Яўгена Рысіка ўтварылася невялікая група аматараў бегу з ліку суседзяў – бегалі па школьным стадыёне. Але падчас трэніровак сустракалі шмат п’яных і проста нявыхаваных. У групе – пераважна жанчыны. Іх падколвалі – яны саромеліся і паціху-патроху перасталі хадзіць на прабежкі.

Увогуле ў еўрапейскіх краінах, адзначае маладзечанскі марафонец, зусім іншае стаўленне да спорту і да спартсменаў: людзі больш добразычлівыя, вітаюць, падтрымліваюць. У нас услед бегуну могуць і пальцам каля скроні пакруціць. “Мяне вельмі ўразіла свята двух гарадоў у Францыі. Гарадкі невялікія, як нашы райцэнтры. Знаходзяцца недалёка ад Тулузы, на адлегласці 50 км адзін ад аднаго. У праграму свята ўваходзіў прабег – туды і назад, 100 км. Столькі мясцовых жыхароў удзельнічала! Цэлымі сем’ямі: напрыклад, муж з дзецьмі бяжыць, а жонка іх на веласіпедзе суправаджае”, – успамінае ён.

Працуе слесарам-мантажнікам. Яго калегі спортам не займаюцца, але цікавяцца яго дасягненнямі, пасля спаборніцтваў заўсёды распытваюць, які вынік, як бегалася. Начальнік прадпрыемства Валеры Сівец падтрымлівае такое захапленне, нават заахвочвае – часам дапамагае выехаць на спаборніцтвы, аказвае фінансавую дапамогу. Дапамагае і аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму – начальнік Мікалай Шрымф і галоўны спецыяліст Аляксандр Кавалёў.

Цяпер Яўгену Рысіку 58 гадоў. На яго рахунку 137 марафонаў і звышмарафонаў. Кідаць бег не збіраецца: “Калі перастаеш бегаць, часта ўзнікаюць праблемы с сэрцам – яно патрабуе нагрузку. Шмат хто з бегуноў спрабаваў кінуць трэніроўкі – траплялі да доктара. А што хацець: да першага марафона ішлі 10 гадоў, а захацелі адразу спыніцца. Для гэтага трэба некалькі гадоў паступова зніжаць нагрузку”.

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы ЦІШКО і з асабістага архіва Яўгена Рысіка.