У экстрэмальных умовах, пад дажджом са снегам, спаборнічалі школьнікі з Маладзечна і раёна 24 красавіка ў лясным масіве ля Вялікага Сяла.

Удзельнічалі больш за 170 дзяцей і падлеткаў. У сваіх групах перамаглі гімназія №6, СШ №5, Гарадоцкая СШ і Раёўская СШ.

Галоўны суддзя спаборніцтваў Валеры Прыткоў у інтэрв’ю “РГ” адзначыў вучаніцу СШ №8 Анастасію Люсцібер, а таксама Вітольда Лагвіновіча і Ягора Пальчэўскага з гімназіі №7, якія не першы год паказваюць стабільна добрыя вынікі.

Спаборніцтвы праходзілі па каляровых картах. Дыстанцыі, па словах Валерыя Прыткова, былі простыя: “Мы ўлічылі, што ўдзельнікі – непрафесіяналы”.

Тым не менш 35 чалавек знялі са спаборніцтваў: узяты не ўсе кантрольныя пункты, пераблытаны парадак іх праходжання.

Святлана ЦІШКО.