Крымінальная справа была ўзбуджаная 22 красавіка. Следчы райаддзела міліцыі Валеры Кучаронак расказаў у інтэрв’ю “РГ”: і маці, і дачка – інваліды. Пенсіянерка была паралізаваная, у яе працавала толькі левая рука. Дачка, якая пакутуе ад рассеянага склерозу, даглядала яе.

Па папярэдніх дадзеных, дачка некалькі разоў ударыла сваю маці кулакамі па галаве за тое, што яна адмаўлялася есці. Пакуль няма адказу на пытанне, ці спецыяльна біла дачка маці галавой аб жалезную спінку ложка, ці проста не ўтрымала яе, і пенсіянерка сама ўдарылася галавой.

Пакуль ёсць толькі папярэдняе заключэнне медыцынскай судовай экспертызы. Для таго, каб даказаць ці абвергнуць наўмыснасць дзеянняў дачкі памерлай, прызначаная гісталагічная экспертыза. Падазроная жанчына сама без мужа выхоўвае двух непаўналетніх сыноў. Адзін вучыцца ў Вілейцы, другі – у Маладзечне.

Па словах Валерыя Кучаронка, бацька дзяцей памёр. Маці была занятая доглядам бабулі, хлопцы аддадзеныя на волю лёсу.

Трэцяя частка 147 артыкула Крымінальнага кодэкса – “Наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, якое прывяло па неасцярожнасці да смерці пацярпелага”, прадугледжвае пакаранне – пазбаўленне волі на тэрмін ад пяці да пятнаццаці гадоў.

Сяргей ЗЯНЬКО.