30 красавіка, адбудзецца фінальнае шоу “Міс Беларусь–2010”, да якога канкурсанткі рыхтаваліся два месяцы. Маладзечна на ім прадстаўляе Наталля Пятроўская. Напярэдадні фіналу яна дала інтэрв’ю “Рэгіянальнай газеце”.

– Ці стаміліся за час падрыхтоўкі да фіналу?

– Так. Насамрэч было вельмі складана ўліцца ў такі рытм жыцця. Прачыналіся рана – здаралася і ў 7 гадзін раніцы снедалі, пасля звычайна пачыналіся здымкі – адпаведна мы павінны былі добра выглядаць. Клаліся позна: пакуль прывядзеш сябе ў парадак, сходзіш у душ, трошачкі пагаворыш з дзяўчатамі, глядзіш – дзве гадзіны ночы.

– Як сябе адчуваеце пасля двух месяцаў такога напружанага графіка?

– Вельмі сумую па родных, сябрах, хачу хутчэй убачыцца з імі. Адначасова разумею, што ўжо залежу ад такога раскладу дня, і калі з’еду з гасцініцы, будзе цяжка вярнуцца да паўсядзённага жыцця, да вучобы.

А ўвогуле настрой вельмі добры! Нарэшце з’явілася сонца, не за гарамі сапраўдная і цёплая вясна.

– Самастойна пакідаць гасцініцу, у якой вы ўсе жылі, было забаронена?

– Нам нельга было пакідаць гасцініцу без папярэджання. Мы маглі толькі паехаць са сваімі бацькамі, і то ненадоўга, бо ў гэты момант адказнасць за нас неслі арганізатары. Але ўвечары, калі быў вольны час, дазвалялі спускацца ў фае да сяброў і родных, размаўляць з імі.

– Якія яшчэ забароны дзейнічалі? Напрыклад, у харчаванні?

– Наконт ежы ніякіх забаронаў не было. Калі дзяўчына лічыць, што ў яе ўсё ў парадку з фігурай, яна можа есці ўсё. Калі разумее, што ёсць праблемы, то сама стараецца не есці ўвечары, сочыць за харчаваннем. Раніцай мы маглі абсалютна бясплатна наведваць трэнажорную залу.

Увогуле больш нічога не забаранялі.

– Ці можна было дакупіць сабе ласункаў?

– Так, мы часта выязджалі ў краму і маглі купіць сабе ўсё, што хацелі. Кармілі нас вельмі добра. Але пры такім раскладзе дня было цяжка паправіцца. Адзінае што – большасць дзяўчат не елі мучнога.

Я салодкае люблю, але магу замяніць яго фруктамі, малочнымі прадуктамі.

Хвалюецеся перад фіналам?

– Так, вядома. Хочацца дастойна прадставіць свой горад і паказаць сябе як найлепш. Вельмі спадзяюся, што ўдача і поспех будуць са мной!

– На які вынік у фінале разлічваеце? Толькі перамога?

– Я вельмі спадзяюся ўвайсці ў тройку прызёраў. Але адбор будзе сур’ёзны. У фінале спачатку выберуць 15 дзяўчат, у лік якіх аўтаматычна патрапяць тыя, хто атрымаў званні “Міс Талент”, “Міс Спорт”, “Міс Фота”, “Міс Топ-мадэль”. Пасля з 15 выберуць пяцярых. Ім у прамым эфіры перад шматлікай публікай будуць задаваць розныя пытанні. Гэта сапраўды вельмі складана: дух і без таго займае, і не можаш сабрацца з думкамі. І нарэшце з пяці выберуць трох дзяўчат, якія стануць Міс Беларусь, Першай віцэ-міс і Другой віцэ-міс.

Вядома, як і кожная з канкурсантак, я хачу перамагчы!

Размаўляла Святлана ЦІШКО.

Фота забяспечана Наталляй ПЯТРОЎСКАЙ.

Чытайце таксама:

Маладзечанка рыхтуецца да фіналу “Міс Беларусь” (+відэа)