На трэцім кіламетры аўтадарогі Маладзечна–Валожын, недалёка ад вёскі Цюрлі, вечарам 25 красавіка разбіўся скутар. Траўмы атрымаў школьнік, вучань гімназіі №7, пасажыр скутара.
Інспектар дарожна-паставой службы Дзмі­тры Стасюлевіч ра­ска­заў: здарэнне адбылося ў 19 гадзін 10 хвілін. На маленькім матацыкле ехалі два вучні сёмай гімназіі. Калі іх абганяў аўтамабіль “Опель-Вектра”, машына са скутарам сутыкнуліся. Ад удару пасажыр скутара зламаў палец.

Пра прычыны здарэння, па словах Дзмітрыя Стасюлевіча, гаварыць пакуль рана. Паказанні вадзіцеляў супярэчаць адно аднаму. Цяпер трэба правесці аўтатэхнічную экспертызу, устанавіць сведкаў здарэння. У вадзіцеляў узятая кроў на наяўнасць у ёй алкаголю.

Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху “Колаў менш – небяспекі больш” пройдзе ў Маладзечне 30 красавіка. Задача мерапрыемства – папярэдзіць дарожна-транспартныя здарэнні з удзелам матацыклаў, скутараў і мапедаў. У міжраённым экзаменацыйным аддзяленні ДАІ кожны тыдзень у чацвер, пятніцу і суботу пройдуць тэарэтычныя і практычныя экзамены для атрымання вадзіцельскага пасведчання катэгорыі “А”.

Сяргей ЗЯНЬКО.