Напярэдадні традыцыйнага святкавання Дня Перамогі ў Заброддзі, 27 красавіка, ветэраны маладзечанскага турклуба “Пілігрым” дапамаглі мастаку Барысу Цітовічу ўпарадкаваць тэрыторыю.

“Мы не першы год супрацоўнічаем з Барысам Цітовічам, бываем у яго некалькі разоў на год і традыцыйна дапамагаем рыхтавацца да 9 Мая. Прыбіралі смецце, зграбалі лісце, – расказаў дырэктар “Пілігрыма” Сяргей Бялкоў у інтэрв’ю “РГ”. – Бабры пагрызлі асіну, і яна павісла на елачках. Дык мы ўчатырох, узброеныя бензапілой, ледзь справіліся з ёю. Таксама дапамагалі Барысу Барысавічу ў рамонце старых машын, якія ён рэстаўруе для “Беларусьфільма” – там аднаму цяжка чыста фізічна”.

Прадстаўнікі турклуба збіраюцца ў Заброддзе і на святкаванне Дня Перамогі.

У той жа дзень вёску наведала народная артыстка Расіі, выканальніца песень, балад, музычных навел Алена Камбурава. Па традыцыі ў Заброддзі госці садзяць маладое дрэва. Алена Камбурава разам з маладзечанцамі пасадзіла рабінку.

Святлана ЦІШКО.