На выпускным экзамене ў Петраградскай кансерваторыі ў 1924 годзе рэктар Аляксандр Глазуноў робіць запіс: “Цудоўны голас прыгожага тэмбру, моцны і сакавіты. Ярка таленавіты. Ясная дыкцыя. Пластычная дэкламацыя. 5+ (пяць з плюсам)”

Оперны спявак Аляксандр Батурын.

Менавіта з гэтай рэкамендацыі пачынаецца трыумфальны шлях беднага хлопца з Ашмянаў на вялікую сцэну. Нарком асветы Анатоль Луначарскі, пазнаёміўшыся з ацэнкай знакамітага кампазітара, накіраваў маладога спевака для ўдасканалення ў Рым.

Аляксандр Батурын нарадзіўся ў Ашмянах у сям’і сельскага настаўніка. Бацька памёр, калі яму споўніўся год. На руках у маці, акрамя маленькага Сашы, было яшчэ трое дзяцей, і сям’я жыла ў вялікай беднасці.

У 1911 годзе ў Адэсе, каб дапамагчы маці, будучы спявак пачынае працаваць у гаражы. Возячыся ля матора, любіў пець. Вакол яго часта збіраліся калегі, з захапленнем слухалі песні. Па просьбе сяброў Аляксандр выступае на вечары самадзейнасці ў гаражы. Поспех быў грандыёзны: ад саюза транспартных рабочых ён атрымлівае накіраванне на вучобу ў Петраградскую кансерваторыю.

Паслухаўшы песні Батурына, Аляксандр Глазуноў, рэктар кансерваторыі, сказаў: “Батурын валодае выдатным па прыгажосці, сіле і аб’ёме голасам цёплага і сакавітага тэмбру…” Пасля ўступных экзаменаў спевака прымаюць у клас прафесара Тартакова. Кансерваторыю ён закончыў з адзнакай.

У час вучобы ў Рыме Аляксандр паступіў у музычную акадэмію “Сан­та Чэчылія”. У мілан­скім тэатры “Ла Скала” малады спявак выступаў у операх “Дон Кар­лосе”, “Басцьен і Басць­ена”, іншых.

У гэты час ён гастраляваў па Еўропе. Францыя, Бельгія, Германія апладзіравалі яго таленту, а ён марыў хоць адзін раз выступіць у горадзе свайго дзяцінства. На жаль, гэта яго мара так і не ажыццявілася.

У 1927 годзе спевака залічылі салістам у Вялі­кі тэатр у Маскве. Там ён да 1958 года выканаў на сцэне шмат роляў. Пеў басовыя і барытонавыя партыі. У яго рэпертуар уваходзілі таксама народныя песні і камерныя партыі. З цікавасцю выконваў спявак творы сучасных кампазітараў.

У гады Вялікай Айчыннай вайны, калі Вялікі тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі, у Куйбышаве, на яго сцэне з поспехам прайшла опера Расіні “Вільгельм Тэль”. Аляксандр Іосіфавіч, які выконваў галоўную партыю, у 1943 годзе атрымаў за яе сталінскую прэмію і ўсе 100 тысяч рублёў перадаў на патрэбы фронту: за гэтыя грошы былі пабудаваныя самалёты. Зняўся таксама Аляксандр Батурын у кінафільмах “Просты выпадак”, “Канцэрт-вальс” і “Зямля”.

Пасля вайны ў Маскоўскай кансер­ваторыі ён вёў клас сольных спеваў і падрыхтаваў навуковую працу “Школа спеваў”, у якой адлюстраваў свой багаты вопыт і даў падрабязнае апісанне прыёмаў навучання спевам.

Памёр спявак у 1983 годзе і пахаваны на Кунцаўскіх могілках у Маскве. На жаль, на сваю малую радзіму ён так больш ніколі і не прыязджаў. Але тут яго памятаюць. Магчыма, у адным з новых мікрараёнаў Ашмянаў хутка з’явіцца вуліца імя Аляксандра Батурына?

Наталля ШАФАРЭВІЧ.

Фота з сайта www.intos la ssics.net