Ніводную сям’ю не абышла вайна бокам. У маёй абодва дзядулі – Сямён Скарнякоў і Андрэй Карпенка, – праявіўшы геройства і мужнасць, прапалі без вестак. Да сённяшняга дня захоўваюцца ў нас паведамленні, якія змянілі жыццё іх жонак, дзяцей.

На фотаздымку чырвонаармеец Сямён Скарнякоў. Паведамленне аб тым, што ён прапаў на фронце без вестак, сям’я атрымала 17 чэрвеня 1946 года. На памяць засталося толькі некалькі пісем.

Дзядуля маладзечанкі Таццяны Скарняковай прапаў у гады Вялікай Айчыннай вайны без вестак. Яго жонка, Аляксандра Карпенка, адна падняла дзяцей. І ўсё жыццё спадзявалася, што хоць калі-небудзь зможа даведацца, дзе магілка яе Андрэя. Здымак зроблены да вайны.

На фронт майго дзядулю Андрэя Карпенку не бралі па стане здароўя. Але нягледзячы на бронь, ён пайшоў на вайну дабравольцам-палітруком. Пісьмы дадому прыходзілі не часта, бо часць, у якой ваяваў, перамяшчалі па лініі фронту. Яго жонка, Аляксандра, засталася ў тыле з трыма дзецьмі. Старэйшаму было пяць, меншай дачцэ на той момант – усяго адзін годзік. Голад і холад хадзілі за сям’ёй усю вайну. Даводзілася працаваць па 20 гадзін у суткі, каб пракарміць дзяцей і сабраць пасылку на фронт.

У маі 1942 года пісьмы ад мужа прыходзіць перасталі. Кожны дзень для маёй бабулі быў падобны да пакуты. Яна чакала пахавальную. І ў той жа час дзесьці ў глыбіні душы спадзявалася на цуд. А раптам жывы? А раптам трапіў у акружэнне і праз які час падасць аб сабе вестачку? Паведамленне прыйшло толькі 21 верасня 1945 года. У ім сухой, казённай мовай паведамлялася: “Ваш муж, Карпенка Андрэй Іванавіч, знаходзячыся на фронце, прапаў без вестак у маі 1942 года”.

Дзяцей сваіх бабуля выхавала добрымі, годнымі людзьмі. Але катаржная праца, голад і чаканне мужа на працягу ўсяго свайго жыцця падарвалі здароўе. У 1974 годзе яе не стала.

Другая мая бабуля, Марыя Батушава, атрымала паведамленне 17 чэрвеня 1946 года. У ім было сказана, што Сямён Скарнякоў прапаў без вестак у кастрычніку 1943 года. На памяць засталося толькі некалькі пісьмаў з фронту ды боль у нашых сэрцах, які жывы па сённяшні дзень.

65 гадоў мінула з той вайны. Але пакуль не знойдзены апошні салдат – яна не закончаная. Хтосьці загінуў у канцэнтрацыйным лагеры, і загадам Сталіна ўсе дакументы аб палонных былі засакрэчаныя. Хтосьці склаў сваю галаву на полі бою альбо ў тыле ворага. Хтосьці, як мае два дзядулі, прапаў без вестак. Мы да сённяшняга дня так і не змаглі пакланіцца родным магілам. Але гэта не значыць, што забыліся пра сваіх мужчын, што баранілі свет ад фашызму. Мы памятаем пра іх. А чалавек жывы да таго часу, пакуль пра яго помняць!

Таццяна СКАРНЯКОВА, выкладчыца Маладзечанскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа.

Фота забяспечана аўтарам.