Чатыры гады абмежавання свабоды без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу атрымаў па прыгаворы суда майстар прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь М.
Яго прызналі віна­ватым у смерці мужчыны, жыхара Смаргоні. Здарэнне адбылося ў ноч на 15 жніўня 2009 года ў райцэнтры.

Запрашэнне на вяселле блізкімі сваякамі для сям’і са Смаргоні скончылася трагедыяй. Пасля шлюбу і вянчання маладых госці пайшлі ў школьную сталовую, дзе былі накрытыя вясельныя сталы. Але яны не ведалі, што напярэдадні ў раёне школы рабочыя жыллёва-камунальнай гаспадаркі мянялі каналізацыйныя трубы, выкапалі глыбокую траншэю і не абгарадзілі яе, як гэтага патрабуюць правілы тэхнікі бяспекі.

Вяселле пераступіла за поўнач, пара было разыходзіцца. Сям’я – мужчына, яго жонка і сын – пайшла дамоў па зацемненым школьным двары. Раптам мужчына ўспомніў, што яго прасілі прыняць на начлег гасцей з суседняй краіны. Адправіўшы жонку з сынам рыхтаваць месца для начлегу, ён вярнуўся ў сталовую.

Пасля, ужо раніцай, расказваў, што ісці дамоў яму прыйшлося ўсё ж аднаму, без гасцей. Ён ішоў праз школьны стадыён і раптам праваліўся ў глыбокую траншэю. Пры падзенні ад удару страціў прытомнасць. Апрытомнеў толькі рані­цай. Мужчына здо­леў вылезці з траншэі і дабрацца да свайго дома.

Дактары раённай бальніцы, куды даставілі пацярпелага, зрабілі ўсё, што маглі. Аднак цялесныя пашкоджанні ад падзення былі вельмі цяжкія – разрыў ныркі, траўматычны шок і вострая страта крыві. Выратаваць не ўдалося. Праз двое сутак мужчына памёр. Недарэчная, трагічная смерць…

Па факце здарэння пракуратура Смаргонскага раёна ўзбудзіла крымінальную справу па другой частцы 303 артыкула Крымінальнага кодэкса – “Парушэнне правілаў бяспекі горных альбо будаўнічых работ, якое прывяло па неасцярожнасці да смерці чалавека”.

Следчы пракуратуры падчас расследавання справы прыйшоў да высновы: пры правядзенні рамонтных работ пад кіраўніцтвам майстра ацяпляльных кацельняў і цеплавых сетак жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзя М. рабочыя парушылі агульныя правілы па ахове працы. Траншэя не была абгароджаная і аказалася ў цемры небяспечнай для выпадковых прахожых. На бяду, у яе і ўваліўся адзін з гасцей вяселля.

Майстру прадпрыем­ства Генадзю М., які адказваў за бяспечнае выкананне работ, было прад’яўленае абвінавачанне па артыкуле Крымінальнага кодэкса. Па гэтым артыкуле можна атрымаць да трох гадоў пазбаўлення свабоды.

Суд прыгаварыў Генадзя да чатырох гадоў абмежавання волі. Разам з гэтым асуджаны на працягу пяці гадоў не зможа займаць пасады, звязаныя з забеспячэннем бяспекі пры правядзенні будаўнічых работ.

Адзначым таксама, што ў Смаргоні гэта быў не першы выпадак, калі ў адкрытых, не абгароджаных ямах-пастках гінуць выпадковыя прахожыя.

Вячаслаў ІГНАЦІК, старшы памочнік пракурора Гродзенскай вобласці.

Сяргей ЗЯНЬКО.