Група гасцей з заходняй часткі Германіі 4 мая наведала мемарыял у вёсцы Заброддзе Вілейскага раёна, створанага з ініцыятывы сям’і Валянціны і Барыса Цітовічаў.

Акрамя Заброддзя госці ў гэты дзень пабывалі на заводзе акцыянернага таварыства “Буддэталі”, а таксама сустрэліся з кіраўніцтвам Вілейскага раёна.

Немцы знаходзяцца ў Беларусі ад 29 красавіка ў рамках беларуска-нямецкага тыдня “Экалогія без межаў”, які праводзіць дзіцячы аздараўленчы цэнтр “Надзея”, што на беразе Вілейскага вадасховішча.

Гасцей ў Заброддзі вітае Валянціна Цітовіч, якая разам з мужам Барысам і паплечнікамі стварыла і працягваюць ствараць у гэтай невялікай вёсачцы і яе наваколлях мемарыял у памяць загінулых салдат мінулых войнаў.

 

Ля увахода ў палісад Перамогі.

 

На мастку ў палісадзе Перамогі.

 

Сёлета тут вельмі пашчыравалі бабры.

 

Дрэва, з якога пачаўся палісад Перамогі.

Па дарозе ў капліцу

Капліца выконвае таксама ролю музея 1-й сусветнай вайны. Паблізу гэтых мясцін праходзіў Германска-Расійскі фронт, а ў ваколіцах Заброддзя месціўся прыфрантавы лазарэт.

 

Валянціна Цітовіч распавядае гасцям аб гісторыі стварэння на берагах Нарачанкі мемарыяла.

 

Уся ўвага экскурсаводу.

 

Госці пакідаюць у капліцы памятныя запісы.

 

Сцены капліцы сталі месцам экспазіцыі дакументаў і рэчаў, якія расказваюць пра 1-ю сусветную вайну.

 

Развітанне.

 

У кіламетры ад Заброддзя на адноўленых стараннямі Цітовічаў вайсковых прылазарэтных могілках.

 

На заводзе Акцыянернага таварыства “Буддэталі”

Сярод 12 членаў нямецкай дэлегацыі, якія азнаёміліся з вытворчасцю сучасных дзвярных і аконных блокаў з мясцовай драўніны, быў і сталяр Райнхард Мюлер, якога ўразіла, як ён адзначыў, добрая якасць прадукцыі віляйчан:

– Я б мог прыехаць да вас папрацаваць, – напаўжартам, напаўсур’ёз сказаў нямецкі калега старшыні Наглядальнай рады акцыянернага таварыства Генадзю Альшэўскаму. – Колькі вы мне будзеце плаціць?

– Колькі заробіце, згодна з нашымі тарыфна-кваліфікацыйнымі дакументамі.

– Я буду добра працаваць, – усміхнуўся пан Рэйнхард.

– То будзеце атрымліваць персанальную даплату за якасць, – у тон пытанню адказаў спадар Альшэўскі.

Нягледзячы на лёгкую інтанацыю дыялога, за ім праглядаўся сапраўдны інтарэс немцаў да магчымасцяў беларусаў ствараць якасную прадукцыю.

 

Сустрэча ў райвыканкаме

Важнасць германска-беларускіх кантактаў на самых розных узроўнях абмяркоўвалася пазней і на сустрэчы ў райвыканкаме. А яшчэ нямецкія госці, карыстаючыся магчымасцю пагаварыць з мясцовай уладай, задавалі самыя разнастайныя пытанні старшыні выканкама Яўгену Сінілу і іншым кіраўнікам раёна, якія прымалі дэлегацыю. Якія канфесіі прысутнічаюць на тэрыторыі раёна? Што сабой уяўляе сфера культуры Вілейшчыны? Якая кампетэнцыя мясцовых улад і цэнтра ў эканоміцы раёна? У чым заключаецца роля аздараўленчага цэнтра “Надзея” ў жыцці грамадскай супольнасці рэгіёна? Ад якога ўзросту дзіцячыя садкі прымаюць дзетак? Ці могуць замясціць мясцовыя крыніцы энергіі планаваную ў нашым рэгіёне атамную электрастанцыю?

Перад паездкай па Вілейшчыне госці ўжо былі ў Мінску, дзе пазнаёміліся з вытворчасцю на аб’яднанні “Гарызонт”, наведалі сядзібу Агінскіх у Залессі на Смаргоншчыне.

Арганізатарамі тыдня “Экалогія без межаў” з’яўляюцца: з беларускага боку – дабрачыннае прадпрыемства “Надзея–ХХІ стагоддзе”, Міжнародны гуманітарна-асветніцкі фонд “Жывое партнёрства”, ААТ “Гарызонт”, з нямецкага боку – арганізацыя “Мэнэрарбайт” Евангелічнай царквы Вестфаліі, Сацыяльная служба евангелічных мужчын з горада Швэртэ.

Мікола ГАЙДУК.

Фота Аляксандра МАНЦЭВІЧА.