Міліцыя ўзбудзіла крымінальную справу па артыкуле “Грабеж” супраць 24-гадовага маладзечанца, які збіў 36-гадовага жыхара Пінскага раёна, пасля забраў у яго мабільны тэлефон і кашалёк з 4 тысячамі рублёў.

Пацярпелы з заявай звярнуўся ў міліцыю толькі на пяты дзень пасля здарэння, паведаміў “РГ” начальнік дзяжурнай часці райаддзела ўнутраных спраў Ігар Шупенка. Ён расказаў, што нападзенне на яго было 24 красавіка каля 12 гадзін недалёка ад дома №112-а на вуліцы Гарадоцкай.

Нападальнік паваліў мужчыну на зямлю, тройчы ўдарыў яго ў твар і абрабаваў. Агульная сума нанесенай шкоды – 295 тысяч рублёў. Падчас правядзення аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў злодзея знайшлі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Мабільны тэлефон “Нокіа” вярнулі гаспадару.

Сяргей ЗЯНЬКО.