Канстанцін Журавель, Аляксей Пірожкін, Іван Шэмет, Святлана Маліноўская, Аляксей Парынаў, Сяргей Мірошнікаў і Уладзімір Дзергачоў узышлі на гару Лысую – другую па вышыні вяршыню Беларусі. Каля вёскі Лысая Гара.

Паход сам па сабе нескладаны – 139 км за тры дні па маршруце Чысць-Юзуфова-Лысая Гара-Буды-Вілейскае вадасховішча-Вязынь-Чысць. Але гэта былі традыцыйныя “Веснавыя старты”: шосты год у пачатку мая чысцінскія турысты адпраўляюцца ў падарожжа – адкрываюць турыстычны сезон. Больш любяць велапаходы: за меншы час можна больш убачыць.

Мэтай гэтага падарожжа, у якім удзельнічалі і школьнікі, і людзі сталага ўзросту, было ўзыходжанне, а дакладней “уз’язджанне” на гару Лысую (342 м). Нялёгка было, але справіліся.

Акрамя таго, турысты наведалі падворак Свята-Ефрасіннеўскага манастыра ў вёсцы Буды Мінскага раёна. Узнагародай за пераадоленыя кіламетры і ўзыходжанне стаў адпачынак на Вілейскім вадасховішчы каля аздараўленчага цэнтра “Надзея” – рыба клявала добра, юшка была смачная.

Фінансавую падтрымку падарожнікам аказаў прафсаюз ААТ “Забудова” (старшыня Людміла Мікуліч).

Сёлета чысцінскія турысты плануюць здзейсніць падарожжа Дудуткі-гара Дзяржынская і ў Нясвіж-Мір-Навагрудак.

Святлана ЦІШКО.

Фота Мікалая ЧЫРКОВА.