Каля 100 удзельнікаў дэманстравалі свой талент у вакальным і танцавальным жанрах. І кожны з іх быў годны звання “Зорка Маладзечна”. Уразіла “Песенка о маленьком трубаче” ў выкананні самага малодшага выканаўцы Ягора Троцкага з Палачанаў.

Дыпломы пераможцаў сярод салістаў атрымалі выхаванка студыі “Спяваем разам” Палаца культуры Марына Кудраўцава, Раман Зданкевіч, які прадстаўляў Аляхновіцкі сельскі клуб, і выхаванка студыі “Званочкі” цэнтра мастацкай творчасці навучэнцаў Вікторыя Вайцяховіч.

Лепшых выбіралі і сярод ансамбляў. Дыплом “За артыстызм” атрымала трыа дзяўчынак з СШ №14, якія выканалі “Мінскую зорку”. Першае месца заслужана дасталася хлопчыкам з гімназіі №10. Гэта была самая арыгінальная песня конкурсу: спалучэнне сучасных спеваў у стылі рэп, класічнага шматгалосся, танца, неверагоднай абаяльнасці і артыстызму ўразілі і журы, і гледачоў.

Сярод танцавальных калектываў журы без ваганняў аддало перавагу старэйшай групе студыі бальнага танца “Каскад” Палаца культуры. Дыплом “За волю да перамогі” атрымаў калектыў “Паўлінка”, які прыехаў з Чысці.

Конкурсу 17 гадоў. І штогод ён аб’ядноўвае юных зорак Маладзечаншчыны ў адно вялікае сузор’е.

Ірына РУДЗЬКО, цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік”.